1 верасня 2025 г. адбылася сустрэча дырэктара БелНДІДАС А.Я.Рыбакова са студэнтамі-першакурснікамі
У Дзень ведаў дырэктар установы «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» А.Я.Рыбакоў сустрэўся са студэнтамі I курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Сустрэча была арганізавана гістарычным факультэтам БДУ і Дэпартаментам па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з мэтай азнаямлення студэнтаў, якія навучаюцца па спецыяльнасцях «Кіраванне дакументамі» і «Архіўная справа», з будучай прафесіяй.
А.Я.Рыбакоў прадставіў даклад-прэзентацыю, дзякуючы якому першакурснікі атрымалі ўяўленне аб архіўнай службе Рэспублікі Беларусь, задачах, што стаяць перад архіўнымі ўстановамі, найбольш значных рэалізуемых праектах. У сваім выступленні ён таксама спыніўся на актуальных навукова-метадычных праблемах у сферы архіўнай справы і справаводства, дзейнасці БелНДІДАС, накіраванай на іх рашэнне, цеснай сувязі дакументазнаўцаў і архівістаў у дасягненні мэты захавання дакументальнай гісторыка-культурнай спадчыны краіны.
У рамках мерапрыемства А.Я.Рыбакоў ад імя архіўнай службы краіны ўручыў загадчыку кафедры крыніцазнаўства доктару гістарычных навук, прафесару С.М.Ходзіну кнігу «Сімяон Полацкі. Падзвіжнік і асветнік», выдадзеную ў рамках праекта «Бібліятэка Саюзнай дзяржавы».
Сустрэча прайшла ў добразычлівай дзелавой абстаноўцы і выклікала непадробную цікавасць з боку студэнтаў.
![]() |
| А.Я.Рыбакоў падчас сустрэчы са студэнтамі ўручае С.М.Ходзіну кнігу «Сімяон Полацкі. Падзвіжнік і асветнік» |
