Занальны дзяржаўны архіў у г.Рэчыцы прадстаўляе дакумент аб генацыдзе нямецка-фашысцкіх захопнікаў у адносінах да жыхароў Рэчыцы

З 23 жніўня 1941 па 18 лістапада 1943 года Рэчыца знаходзілася пад нямецкай акупацыяй. У архіўнай калекцыі цыфравых копій на правах арыгіналаў дакументаў Надзвычайнай дзяржаўнай камісіі СССР па расследаванню злачынстваў фашызму захоўваецца пратакол допыту сведкі распраў нямецкіх акупантаў і іх памагатых над мірным насельніцтвам – жыхаркі Рэчыцы Кацярыны Анатолеўны Мацвеевай (Ф. 864. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 74-76адв), якая паказала наступнае:

«Праз тыдня паўтара пасля акупацыі горада Рэчыца нямецкія акупацыйныя ўлады паклікалі яўрэя Малінковіча, якому прыказалі правесці перапіс яўрэйскага насельніцтва, якое пражывала ў горадзе Рэчыцы, і нашыць на адзенні кожнага па 2 пяціканцовыя зоркі, а спісы яўрэйскага насельніцтва перадаць нямецкім уладам. У канцы лістапада 1941 года ўсё яўрэйскае насельніцтва горада Рэчыца немцы сагналі ў двухпавярховы будынак фабрычнага раёна, агароджаны калючым дротам, куды было сагнана прыкладна 785 сямей, што складала каля 3000 чалавек, а затым прыступілі да масавага расстрэлу… Прыкладна 25 лістапада 1941 года раніцай да турмы, дзе змяшчаліся ваеннапалонныя, камуністы і актыў горада, пад’ехалі 3 аўтамашыны, на якія грузілі па 30-35 чалавек, а затым іх увазілі ў горад, дзе бязлітасна расстрэльвалі.

Расстрэл ваеннапалонных, камуністаў і актыва горада цягнуўся з раніцы да 4 гадзін вечара. Пакончыўшы расстрэл ваеннапалонных, немцы ўзяліся за масавы расстрэл яўрэйскага насельніцтва. У гэты дзень, 25 лістапада 1941 года, у 4 гадзіны вечара, да лагера, дзе змяшчаліся яўрэі, пад’ехалі 7 аўтамашын. На кожную з іх грузілі па 45-47 чалавек, а затым увозілі за горад і ў супрацьтанкавым рове расстрэльвалі. Працэс расстрэлу грамадзян праходзіў у наступным парадку: машыны з нагружанымі на іх людзьмі падходзілі да супрацьтанкавага рова, з іх выгружалі па 15-20 чалавек, людзей ставілі ў супрацьтанкавы роў, а затым з аўтаматаў расстрэльвалі іх. Да супрацьтанкавага рова падагналі сёмую машыну, на якой знаходзіліся я і мая маці. Разам з іншымі мы з маці былі пастаўлены ў супрацьтанкавы роў, па нас далі залп з аўтаматаў, мы ўпалі. Будучы параненымі, мы з вялікай цяжкасцю вызваліліся ад трупаў, якія на нас наваліліся…У момант расстрэлу яўрэйскага насельніцтва раздаўся крык: «Бандыты! Фашысты! Вы праліваеце нашу кроў – усё роўна Чырвоная армія адпомсціць за нас!». Гэтыя словы перад расстрэлам казаў 8-гадовы хлопчык Смалавіцкі Барыс. Той, хто праводзіў расстрэл, ударыў Смалавіцкага прыкладам па галаве і зваліў яго, пасля чаго хлопчык быў прыстраляны».

На фота: ЗДАРэч. Ф. 864. Воп. 1. Спр. 3. Арк. 74-76адв