Экскурсія ў рамках пілотнага праекта «Юны архівіст» ва ўстанове «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці»

У рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», пілотнага праекта «Юны архівіст» і пагаднення аб супрацоўніцтве ўстановы «Дзяржаўны архіў Магілёўскай вобласці» з установай адукацыі «Магілёўскі дзяржаўны каледж мастацтваў», 26 сакавіка 2025 года адбылася экскурсія для навучэнцаў 1 курса.

Падчас мерапрыемства юнакі і дзяўчаты наведалі архівасховішча, дзе пазнаёміліся з асаблівасцямі захоўвання дакументаў. Пабывалі ў лабараторыі па аблічбоўцы дакументаў, чытальнай зале архіва.

У актавай зале супрацоўнікі архіва пазнаёмілі навучэнцаў з асаблівасцямі працы архівістаў, спецыфікай дакументаў, якія знаходзяцца на захоўванні ў архіве. Навучэнцам таксама была прадстаўлена банэрная выстава «Зноў да мінулага поглядам наблізімся», прысвечаная абароне, перыяду акупацыі і вызваленню Магілёва ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

У завяршэнне мерапрыемства адбыўся прагляд дакументальнага фільма «Аперацыя «Баграціён», падрыхтаванага ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў» (г. Дзяржынск).

 

1-2. Вучні падчас наведвання архівасховішча.
3. Азнаямленне з працэсам аблічбоўкі дакументаў.
4. Знаёмства з банэрнай выставай «Зноў да мінулага поглядам наблізімся».
5. Вывучэнне прадстаўленых на выставе дакументаў.