Памяць аб спаленых вёсках ушанавалі архівісты Маладзечаншчыны
22 сакавіка кіраўніцтва занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Маладзечна ў складзе прафсаюзнага актыву раёна прыняло ўдзел у мітынгу, прысвечаным 82-й гадавіне трагедыі ў Хатыні. Мерапрыемства прайшло ў вёсцы Асавец, якая сама стала сімвалам жаху нацысцкіх злачынстваў.
Маладзечанскі раён, як і многія іншыя рэгіёны Беларусі, перажыў кашмар фашысцкай акупацыі. На яго тэрыторыі было спалена 59 вёсак, кожная з якіх захоўвае сваю трагічную гісторыю. Вёска Асавец – адна з такіх. 20 кастрычніка 1943 года нацысты акружылі яе, сабралі жыхароў каля царквы і пачалі дапытваць пра партызанаў. Людзі аддалі перавагу захоўваць маўчанне, праявіўшы нязломную стойкасць. У адказ акупанты загналі ўсіх у хлеў і падпалілі. У агні загінула 28 мірных жыхароў, уключаючы жанчын, дзяцей і старых…
– Гэты дзень нагадвае пра важнасць захавання гістарычнай памяці. Архівісты Маладзечна, аддаючы даніну павагі ахвярам той трагедыі, выказваюць падзяку пакаленню пераможцаў, якое дало магчымасць працаваць і ствараць пад мірным небам. У падобныя дні грамадства аб’ядноўваецца ў імкненні да міру і згоды, каб ніколі не дапусціць паўтарэння падобных падзей, адзначыла дырэктар ЗГА ў г.Маладзечна Іна Пудакевіч.
Маладзечанская зямля захоўвае памяць аб гераізме і стойкасці сваіх жыхароў, а архівісты працягваюць іх справу, захоўваючы гісторыю для будучых пакаленняў.