Віртуальная выстава «Хатынь. Памятаем і не забудзем…»

У лясной глушы, пад небам сінім,
Над попелам былога сяла
Звоняць званы Хатыні –
Сумныя званы…

Мемарыяльны комплекс «Хатынь» – святыня нацыянальнай памяці беларусаў. Ён увекавечвае памяць пра жыхароў Хатыні, мірных грамадзян тысяч спаленых беларускіх вёсак і грамадзянскага насельніцтва, знішчанага нацыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

22 сакавіка 1943 г. гітлераўцы спалілі в.Хатынь і 149 яе жыхароў, з іх – 75 дзяцей. З мэтай мемарыялізацыі трагедыі беларускага народа ў студзені 1966 г. ЦК КПБ прыняў рашэнне аб стварэнні мемарыяльнага комплексу «Хатынь», адкрыццё якога адбылося 5 ліпеня 1969 г.

Пра гісторыю бязмежнай жорсткасці нацыстаў і пра вёску, якая стала сімвалам страшнай трагедыі беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны распавядае віртуальная выстава «Хатынь. Памятаем і не забудзем…», падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь.

У аснове выставы – дакументы архіва, якія раскрываюць злачынствы гітлераўскіх акупантаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва, а таксама фатаграфіі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

Знікла яшчэ адна – ужо, якая па ліку! – вёска з геаграфічнай карты Беларусі. Але слова Хатынь панесла ў стагоддзі гнеў, боль і смутак усіх спаленых беларускіх вёсак, попел тысяч знішчаных людзей.

Беларусь памятае кожнага…

З вiртуальнай выставай можна азнаёмiцца па спасылцы.