Адкрыццё выставачнага праекта «За мірнае неба!»

27 лютага 2025 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося адкрыццё выставачнага праекта «За мірнае неба!», прысвечанага 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.

Гэта маштабны сумесны праект, у якім удзельнічаюць: Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ), кінастудыя «Беларусьфільм», Беларускі саюз мастакоў, «Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой», ДУ «Вілейскі краязнаўчы музей», ДУ «Валожынскі краязнаўчы музей», музей «Цэнтр гісторыі і культуры Кастрычніцкага раёна» г.Гомеля, гісторыка-культурны музей-запаведнік «Заслаўе», УК «Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава» ДУ «Любанскі музей народнай славы»; УК «Магілёўскі абласны краязнаўчы музей імя Е.Р.Раманава», УК «Музейны комплекс гісторыі і культуры Аршаншчыны», ДУ «Слуцкі краязнаўчы музей», ДУ «Бягомльскі музей народнай славы», ДУ «Мінскі абласны краязнаўчы музей». Арганізацыі прадставілі інфарматыўныя і важныя для захавання гістарычнай памяці экспанаты.

Прадстаўленыя архіўныя дакументы і прадметны шэраг дазваляюць пагрузіцца ў самаадданае супраціўленне першых месяцаў 1941 года, бесчалавечныя крывавыя будні акупацыйнага рэжыму і генацыду, доблесны шлях герояў-вызваліцеляў праз Беларусь на Захад.

У экспазіцыі прадстаўлены архіўныя дакументы, асабістыя рэчы і ўзнагароды, прадметы «акопнай творчасці», артыкулы і нарысы ваеннага і пасляваеннага перыяду аб подзвігах на палях бітваў. Работы беларускіх мастакоў на працягу дзесяцігоддзяў захоўваюць памяць аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны: генацыдзе беларускага народа, партызанскім і падпольным супраціве, франтавых буднях. Праз прызму літаратурных і дакументальных твораў адлюстраваны такія значныя падзеі, як: «Бітва за Маскву», «Сталінградская бітва», «Курская дуга», «Аперацыя «Баграціён» і іншыя.

У экспазіцыі прадстаўлена найбагацейшая калекцыя артэфактаў, якія апавядаюць пра баявы подзвіг савецкага народа, пра людзей, якія цаной неверагодных намаганняў і ўласнага жыцця заваявалі Вялікую Перамогу і забяспечылі многім пакаленням мірнае неба над галавой.

З прывітальным словам на адкрыцці выставы выступіла намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па ідэалогіі, сацыякультурнай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Л.Ю.Высоцкая. Намеснік дырэктара НАРБ, к.г.н. С.В.Кулінок у сваім выступленні адзначыў важнасць захавання архіўных дакументаў для будучых пакаленняў і ўвядзення іх у навуковы абарот, а таксама падкрэсліў вялікую сумесную працу НАРБ і Нацыянальнай бiблiятэкi Беларусi па захаванні гістарычнай памяці.

 

1. Афiша выставы «За мірнае неба!»
2. Намеснік генеральнага дырэктара – дырэктар па ідэалогіі, сацыяльнай і выдавецкай дзейнасці Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Л.Ю.Высоцкая выступае з прывітальным словам
3. Намеснік дырэктара НАРБ С В.Кулінок выступае на адкрыцці выставы
4. Выступленне дзіцячых творчых калектываў
5. Выступленне дзіцячых творчых калектываў
6. Выступленне дзіцячых творчых калектываў
7. На адкрыцці выставы ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі
8. Архіўныя дакументы на выставе
9. Архіўныя дакументы на выставе
10. Намеснік дырэктара НАРБ С.В.Кулінок і загадчык аддзела НАРБ М.А.Старасценка на адкрыцці выставы