Прэзентацыя выставы Аляксея Мартынава «Лялечны народзец» у БДАМЛМ


13 студзеня 2025 года ў чытальнай зале Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) адбылася прэзентацыя ўнікальнай выставы «Лялечны народзец» Аляксея Мартынава.

Аляксей Мартынаў, вядомы беларускі мастак і лялечнік, нарадзіўся ў 1957 годзе ў Гомелі. Скончыў Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў). З 1984 г.прымае актыўны ўдзел у нацыянальных і замежных выставах.

Выстава «Лялечны народзец» – не проста калекцыя лялек, а цэлы свет, дзе кожная лялька ажывае дзякуючы майстэрству і натхненню мастака. Лялькі нараджаюцца з тактыльных і візуальных адчуванняў майстра, шматкоў тканіны, скуры, пацерак і гузікаў.

Прэзентацыя выставы стала сапраўдным падарункам для пастаянных наведвальнікаў архіва-музея і проста аматараў лялечнага мастацтва. Яны змаглі не толькі атрымаць асалоду ад прыгажосці і майстэрства лялек, але і акунуцца ў атмасферу магіі і дзяцінства, якую стварае выстава.

Выстава «Лялечны народзец» працягне радаваць нашых гасцей і будзе надалей даступная для прагляду наведвальнікаў чытальнай залы.

 

1. Намеснік дырэктара БДАМЛМ Н.Г.Пусцільнік-Марчук і А.Б.Мартынаў на прэзентацыі выставы «Лялечны народзец»
2. Падчас выступлення А.Б.Мартынава
3. Удзельнікі прэзентацыі выставы «Лялечны народзец»