Акцыя «Архівы-школе» ў БДАМЛМ для навучэнцаў Каледжа інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій
8 студзеня 2025 года, у рамках акцыі «Архівы – школе» навучэнцы Каледжа інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пабывалі на экскурсіі ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ). Экскурсія стала для навучэнцаў не толькі магчымасцю дакрануцца да багатай культурнай спадчыны Беларусі, але і пагрузіцца ў атмасферу старадаўняй архітэктуры будынка былога касцёла бернардзінцаў.
Удзельнікі экскурсіі пазнаёміліся з сучаснымі функцыямі архіва-музея, а таксама даведаліся аб каштоўных калекцыях дакументаў і музейных прадметаў, якія захоўваюцца ў БДАМЛМ. У чытальнай зале архіва яны змаглі азнаёміцца з выставамі «Міхась Лынькоў: на вялікай хвалі» і «Беларусьфільм: пра дзяцей і для дзяцей».
Вядучы навуковы супрацоўнік БДАМЛМ Д.С.Самахвалаў распавёў экскурсантам пра жыццё і творчы шлях Міхася Лынькова, прадставіў рэдкія дакументы і фатаграфіі з архіўных фондаў. Асобная ўвага была скіравана на выставу «Беларусьфільм: пра дзяцей і для дзяцей», прысвечаную 100-гадоваму юбілею беларускага кіно, на якой экспануюцца дакументы мастацкіх, тэлевізійных, мультыплікацыйных фільмаў (літаратурныя і рэжысёрскія сцэнарыі, генеральныя каштарысы, альбомы фотапроб, пратаколы мастацкіх саветаў і інш.).
Па словах навучэнцаў, экскурсія ў БДАМЛМ стала не толькі пазнавальнай, але і дазволіла па-новаму зірнуць на сувязь гісторыі і сучаснасці, а таксама на важнасць захавання культурнай спадчыны ў лічбавую эпоху.
![]() |
1. Навучэнцы Каледжа інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у БДАМЛМ |
![]() |
2. Д.С.Самахвалаў падчас экскурсіі па выставе «Міхась Лынькоў: на вялікай на хвалі» |