Кніжна-дакументальная выстаўка «Міхась Лынькоў. Шчодры, чалавечы талент». Да 125-годдзя з дня нараджэння пісьменніка

27 лістапада 2024 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь сумесна з Нацыянальнай бібліятэкай Беларусі адкрыў кніжна-дакументальную выстаўку «Міхась Лынькоў. Шчодры, чалавечы талент» прымеркаваную да 125-годдзя з дня нараджэння празаіка, дзіцячага пісьменніка, крытыка, літаратуразнаўцы, грамадскага дзеяча і народнага пісьменніка Беларусі Міхася Ціханавіча Лынькова. Дакументальныя крыніцы і выданні з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, прадстаўленыя на выстаўцы, раскрываюць розныя аспекты дзейнасці Міхася Лынькова, адлюстроўваюць цесную сувязь жыццёвага шляху аўтара і яго пісьменніцкай работы, паказваюць шырокі жанравы дыяпазон твораў.

Адкрывае экспазіцыю тэматычны раздзел «Жыццёвыя пуцявіны Міхася Лынькова». Праз прадстаўленыя копіі архіўных дакументаў і выданні ён прадстае як удумлівы і праніклівы назіральнік жыцця, яго непасрэдны ўдзельнік. Пісьменнік Лынькоў жыў актыўным творчым і грамадскім жыццём. Пісаў апавяданні, працаваў над ваенна-гістарычным раманам «Векапомныя дні» аб народных мсціўцах, кіраваў пісьменніцкай арганізацыяй, у якасці дыпламата ездзіў на сесіі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, сустракаўся з выбаршчыкамі і выконваў іх даручэнні як дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, удзельнічаў у шматлікіх мерапрыемствах, паездках, сустрэчах.

«Пісьменнік і яго героі» – такую назву атрымаў другі раздзел выстаўкі. Экспануемыя матэрыялы сведчаць пра тое, што Міхась Лынькоў з’яўляецца летапісцам гераічнай савецкай эпохі, песняром мужнасці, працоўнага подзвігу і маральнага хараства савецкага чалавека. Прызнаны майстра мастацкага слова, Міхась Лынькоў значна ўзбагаціў савецкую літаратуру, праклаў у ёй адметны глыбокі след. Але і ў сённяшняга чытача выклікаюць цікавасць яго творы, бо ў іх можна адшукаць звесткі па гісторыі штодзённасці і развіццю сацыяльнай думкі беларусаў.

Творы, якія дэманструюцца на выстаўцы, неаднаразова перавыдаваліся і добра вядомы чытачам розных пакаленняў. На экспазіцыйных паліцах – багатая літаратурная спадчына пісьменніка: першая кніга «Апавяданні» (1927), зборнікі прозы «Гой» (1929), «Апошні зверыядавец» (1930), «Андрэй Лятун» (1932), «На вялікай хвалі» (1934), «Баян» (1935), раман-эпапея «Векапомныя дні» (1951), кніга замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962), літаратуразнаўчыя працы «Літаратура і жыццё» (1978), «Публіцыстыка» (1980) і іншыя.

Асобнае месца ў творчасці Міхася Лынькова займаюць творы для дзяцей. Талент і майстэрства, а таксама глыбокае веданне асобы дзіцяці і ўменне пісаць захапляльна не пакідаюць абыякавымі маленькіх чытачоў і сёння. Карыстаюцца папулярнасцю аповесці «Міколка-паравоз» (1937), «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1937), апавяданне «Янка-парашутыст» (1937) ды іншыя творы пісьменніка.

Кніжна-дакументальная выстаўка дае магчымасць шырокаму колу зацікаўленых чытачоў і наведвальнікаў бібліятэкі бліжэй пазнаёміцца з творчасцю выдатнага пісьменніка Міхася Лынькова.

 

1. Банер да выставы «Міхаіл Лынькоў. Шчодры, чалавечы талент»
2. Улётка з заклікам да галасаваньня за М.Лынькова
3. Пасведчанне СНК БССР аб камандзіроўцы М.Лынькова
4. Архіўныя дакументы на выставе, прымеркаванай да юбілею М.Лынькова
5. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе
6. Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь на выставе