Сацыяльнае партнёрства: прадстаўнік ЗГА ў г. Маладзечне адзначаны прафсаюзнай узнагародай
Справаздачная канферэнцыя Маладзечанскага раённага аб’яднання прафсаюзаў прайшла 18 лістапада ў малой зале мясцовага Палаца культуры. На імпрэзу запрасілі лідэраў і актывістаў прафсаюзных «пярвічак» прадпрыемстваў і арганізацый Маладзечаншчыны. Таксама ў працы прыняў удзел намеснік старшыні Мінскага абласнога аб’яднання прафсаюзаў Дзмітрый Бачкоў. На парадку дня – справаздача аб дзейнасці аб’яднання за апошнюю «пяцігодку» і падвядзенне вынікаў.
З дакладам аб рабоце РАПа выступіла Таццяна Яцухна. Прафсаюзны лідэр у сваім выступленні агучыла вынікі па ўсіх ключавых напрамках – калектыўна-дагаворнай рабоце, выкананні працоўнага заканадаўства і аховы працы, аздараўленні, фізкультурна-аздараўленчай і культурна-масавай дзейнасці, удзеле ў дабрачынных і патрыятычных акцыях, аб рабоце з моладдзю і ветэранамі.
У завяршэнні мерапрыемства прафсаюзнаму актыву раёна былі ўручаны ўзнагароды. Грамату за высокі прафесіяналізм у працы і рэалізацыю прынцыпаў сацыяльнага партнёрства атрымала дырэктар Занальнага дзяржархіва ў г. Маладзечне Іна Пудакевіч.
Справаздачная канферэнцыя стала заключным мерапрыемствам у дзейнасці раённага аб’яднання: у сувязі са сканчэннем тэрміну паўнамоцтваў структура спыняе сваю працу. Гэтае новаўвядзенне закранула ўсю краіну. З гэтага часу ўсе раённыя і гарадскія прафсаюзныя аб’яднанні будуць трансфармаваны ў аддзелы абласнога аб’яднання з мэтай стварэння міжгаліновага цэнтра для аператыўнага рэагавання на месцах.
Цяпер дакументы Вілейскага, Валожынскага, Маладзечанскага, Мядзельскага раённых аб’яднанняў прафсаюзаў, якія праіснавалі 10 гадоў, перададзены на пастаяннае захоўванне ў Занальны дзяржархіў у Маладзечне.
Пад час канферэнцыі |
Пад час канферэнцыі |
Прафсаюзны актыў з узнагародамі |
Т.П Яцухна, І.З. Пудакевіч |