Аб правядзенні ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь Міжнароднай канферэнцыі «Партызанскі архіў»

12 верасня 2024 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (далей – НАРБ) адбылася І-я Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Партызанскі архіў», прысвечаная 80-годдзю поўнага вызвалення тэрыторыі Беларусі ад нацысцкіх акупантаў.

У канферэнцыі прынялі ўдзел навукоўцы, архівісты і спецыялісты па ваеннай гісторыі з Беларусі, Расіі і Казахстана. Гасцямі канферэнцыі сталі кіраўнікі рэспубліканскіх архіўных устаноў Беларусі. Таксама ў межах рэалізацыі акцыі «Архівы — школе» мерапрыемства наведалі вучні старэйшых класаў гімназіі № 21 і сярэдняй школы № 62 г.Мінска, а таксама студэнты-гісторыкі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінаў. Ён падкрэсліў значнасць працы, якую праводзіць архіўная галіна па пытанні захавання гістарычнай Памяці. Алег Леанідавіч таксама адзначыў, што архівы ператвараюцца ў паўнавартасныя навуковыя і культурна-асветніцкія цэнтры. Шматмільённы Нацыянальна архіўны фонд Рэспублікі Беларусь — гэта не толькі дакументальная скарбніца нашай краіны. Гэта яшчэ і галоўная крыніца гістарычнай праўды.

Да ўдзельнікаў канферэнцыі звярнуўся намеснік дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі, к.г.н., дацэнт П.А.Трубчык, які распавёў аб вялікай працы, якая праводзіцца навукоўцамі інстытута і архівістамі па вывучэнні малавядомых аспектаў Вялікай Айчыннай вайны.

Унук начальніка Беларускага штаба партызанскага руху П.З.Калініна, першы намеснік старшыні Міжнароднага грамадскага аб’яднання «Федэрацыя баявых мастацтваў», заслужаны трэнер Рэспублікі Беларусь П.М.Калінін падзяліўся ўспамінамі аб сваім славутым дзядулі.

Дырэктар НАРБ А.К.Дземянюк пажадаў удзельнікам канферэнцыі добрай, плённай працы і цікавых навуковых дакладаў. Ён таксама ўручыў копіі ўзнагародных дакументаў на партызана атрада імя М.А.Шчорса Ф.А.Пашэнка дачцы партызана — Раiсе Фларыянаўне, якая прыняла ўдзел у канферэнцыі.

Удзельнікам канферэнцыі была прадэманстравана кінахроніка аб партызанскім руху з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.

У святочнай абстаноўцы адбылося падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж НАРБ і шматгадовым партнёрам архiва па выдавецкай дзейнасці — фондам «Гістарычная памяць».

На пленарным пасяджэнні быў прадстаўлены даклад намесніка дырэктара НАРБ, к.г.н. С.В.Кулінка і навуковага супрацоўніка Цэнтра ваеннай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі В.М.Надтачаева аб выніках працы з дакументамі партызанскай брыгады імя У.І.Леніна Пінскага злучэння, знойдзенымі летам 2023 г. закапанымі ў зямлі каля вескi Гоцк Салігорскага раёна.

Удзельнікам форума і яго гасцям былі прадстаўлены выданні НАРБ па гісторыі партызанскага руху, якія ўбачылі свет у 2024 г. Дырэктар НАРБ уручыў падарачныя экземпляры рэцэнзентам, дырэктарам архіваў, прымаўшых удзел у падрыхтоўцы кніг, і прадстаўнiкам падшэфных школ.

Праца канферэнцыі працягвалася ў двух секцыях. Свае даклады прадставілі супрацоўнікі НАРБ: загадчык аддзела фондаў асабістага паходжання І.У.Дарагуш («Документы личного происхождения из фондов НАРБ как источник изучения истории партизанской борьбы на оккупированной территории Беларуси (состав, информативность, использование)»); вядучы навуковы супрацоўнік аддзела публікацый, к.г.н. В.Д.Селяменеў («Документальные публикации НАРБ о партизанском движении в годы Великой Отечественной войны»); вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н.,дацэнт В.П.Гарматны («Деятельность разведки партизанской бригады им. П.К.Пономаренко в Коссовском районе в 1943—1944 гг.») і вядучы архівіст аддзела публікацый У.А.Калабаева («К вопросу о деятельности «лесных школ» на оккупированной территории Беларуси в годы Великой Отечественной войны»).

Канферэнцыя прайшла на высокім навуковым узроўні і мела станоўчыя водгукі ў усiх удзельнікаў форума.

 

1. Праграма Міжнароднай канферэнцыі «Партызанскі архіў»
2. Прывітальнае слова дырэктара Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінава
3. Падчас пленарнага пасяджэння
4. Прывітальнае слова П.М.Калініна
5. Падчас прагляду кінахронікі
6. Падпісанне пагаднення аб супрацоўніцтве паміж НАРБ і фондам «Гістарычная памяць»
7. Выступленне д.г.н., прафесара Б.М.Кавалёва (Расiйская Федэрацыя)
8. Уручэнне кнігі дырэктару СШ № 62 г.Мінска Л.В.Асановіч
9. Уручэнне кнігі заведучай кафедрай гiсторыi i cацыягуманiтарных навук ПДУ iмя Еўфрасiннi Полацкой, к.г.н., дацэнту А.І.Корсак
10. Уручэнне копій наградных дакументаў Р.Ф.Кабяк (Пашэнка)
11. Падчас працы першай секцыі
12. Падчас працы першай секцыі
13. Падчас працы другой секцыі
14. Падчас працы другой секцыі