БДАМЛМ на адкрыцці выставы «Безназоўнае» у Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы

4 верасня 2024 г. работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛМ) наведалі Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы з нагоды адкрыцця выставы «Безназоўнае», прымеркаванай да Дня народнага адзінства, які адзначаецца ў Рэспубліцы Беларусь17 верасня.

85 гадоў таму, 17 верасня 1939 года, пачалося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. У найважнейшай падзеі таго знамянальнага года – Народным сходзе Заходняй Беларусі ў Беластоку – браў удзел і Янка Купала. Цэнтральным экспанатам выставы «Безназоўнае» стала паэма Я.Купалы з аднайменнай назвай. Куратар выставы Марыя Барткова распавяла аб тым, як 100 год таму, у 1924 годзе, калі адбылося першае ўзбуйненне БССР, стваралася гэта паэма. У экспазіцыі – рукапіс паэмы, дзесяць разделаў якой яднае сімвалічны вобраз Беларусі, што прайшла няпросты шлях і «на куце ў хаце сваёй села».

Пад час куратарскай экскурсіі работнікі БДАМЛМ выказалі зацікаўленасць і іншымі экспанатамі, прадстаўленымі на выставе. Гэта фотаздымкі Сяргея Прытыцкага, дзеяча партызанскага руху Заходняй Беларусі, Уладзіславы Луцэвіч у Вязынцы і Радашковічах, падчас адкрыцця помніка песняру, таксама кнігі з уласнай бібліятэкі Уладзіславы Луцэвіч і інш.

Па заканчэнні мерапрыемства работнікі БДАМЛМ падзяліліся меркаваннем аб неабходнасці паважлівага стаўлення да памятных дат у гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Імкненне беларусаў, якое ідзе з глыбіні стагоддзяў, годна жыць у адзінай дзяржаве з’явілася галоўнай сілай, якая забяспечыла ўз’яднанне народаў Заходняй і Усходняй Беларусі. Выстава «Безназоўнае» дазваляе акунуцца ў далёкую атмасферу тых гістарычных падзей.

 

1. Калектыў работнікаў БДАМЛМ на адкрыцці выставы «Безназоўнае» ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы
2. Калектыў работнікаў БДАМЛМ падчас куратарскай экскурсіі ў Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы
3. Куратар выставы « Безназоўнае « Марыя Барткова падчас экскурсіі
4. Марыя Барткова распавядае гісторыю напісання паэмы Я Купалы « Безназоўнае»