Ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Навагрудку» адбылася акцыя «Архівы-Школе»
У рамках акцыі «Архівы-Школе» установу «Занальны дзяржаўны архіў у г.Навагрудку» наведалі выхаванцы летняга аздараўленчага лагера сярэдняй школы № 7 г.Навагрудка.
У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў, прысвечаных 980-годдзю г.Навагрудка, навучэнцам прадстаўлена стэндавая дакументальная выстава «Зямля Навагрудская, край мой родны…». Падчас заняткаў выхаванцы пазнаёміліся з гісторыяй аднаго са старажытных гарадоў Беларусі, яго славутымі мясцінамі, архітэктурнымі і культурнымі помнікамі, гісторыяй прамысловых прадпрыемстваў і навучальных устаноў, а таксама ўбачылі горад у сучасным яго абліччы.
У фае другога паверха дзяржархіва навучэнцам прадэманстравана дакументальная выстава «Выстаялі і перамаглі», прымеркаваная да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дакументы выставы расказваюць аб пачатковым перыядзе Вялікай Айчыннай вайны на Навагрудчыне, становішчы мірнага насельніцтва ў гады акупацыі, а таксама аб доўгачаканым вызваленні 8 ліпеня 1944 г.
Завяршыла сустрэчу экскурсія ў архівасховішча, дзе дзеці даведаліся аб правілах размяшчэння, уліку і захоўвання архіўных дакументаў.
Школьнікі былі вельмі актыўнымі слухачамі, задавалі шмат пытанняў, цікавіліся гісторыяй сваёй малой радзімы.
1. Н.А.Пісарук, загадчык аддзела забеспячэння захаванасці, уліку і выкарыстання дакументаў, з навучэнцамі сярэдняй школы № 7 г.Навагрудка. |
2. Падчас дэманстрацыі дакументальнай выставы «Выстаялі і перамаглі». |