Аб удзеле ў рэспубліканскай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі «Крок да поспеху»
17 ліпеня 2024 г.у рамках рэспубліканскай інфармацыйна-адукацыйнай акцыі «Крок да поспеху» дырэктар установы «Беларускі навукова-даследчы інстытут дакументазнаўства і архіўнай справы» А.Я.Рыбакоў сустрэўся з дзецьмі, якія знаходзяцца на аздараўленні ў лагеры «Мара» Валожынскага раёна Мінскай вобласці.
Акцыя «Крок да поспеху» рэалізуецца ў адпаведнасці з даручэннем Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь і накіравана на фарміраванне ў моладзі грамадзянскай і патрыятычнай свядомасці, папулярызацыю сямейных каштоўнасцей, дасягненняў нацыянальнай культуры ў сучаснай Беларусі.
Падчас сустрэчы А.Я.Рыбакоў расказаў пра свой жыццёвы шлях, станаўленне ў прафесіі, дасягнутых поспехах. Акцэнт быў зроблены на тым, што галоўным крытэрыем паспяховасці чалавека з’яўляецца яго грамадскае прызнанне, якое дасягаецца за кошт мэтанакіраванасці і напружанай працы незалежна ад абранай прафесіі і сферы дзейнасці.
Падчас размовы А.Я.Рыбакоў распавёў аб рабоце Архіўнай службы Рэспублікі Беларусь, накіраванай на захаванне дакументальнай спадчыны беларускага народа, аб праведзеных архіўнымі ўстановамі выставах, прэзентацыях, іншых акцыях, у тым ліку рэалізуемых у рамках праекта «Архівы – школе». Выхаванцы лагера змаглі ўбачыць вобразы архіўных дакументаў розных гістарычных эпох пры праглядзе відэафільма «Архівы на службе краіны, грамадства, чалавека».
Асобна А.Я.Рыбакоў спыніўся на абумоўленых лічбавай трансфармацыяй грамадства актуальных навуковых і практычных задачах, над рашэннем якіх сёння працуюць дакументазнаўцы і архівісты.
Сустрэча прайшла ў рэжыме дыялогу, выхаванцы змаглі задаць пытанні, якія іх цікавяць, выказаць уласныя меркаванні. Завяршылася мерапрыемства калектыўным праглядам фільма «Вызваленне», прымеркаванага да 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, падрыхтаванага ўстановай «Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў».
1. Агульны фотаздымак удзельнікаў сустрэчы |
2. Перад выхаванцамі лагера выступае А.Я.Рыбакоў |
3. Юны ўдзельнік сустрэчы задае прафесійнае пытанне дырэктару БелНДІДАС |