Дакументальная выстава «30 гадоў інстытуту прэзідэнцтва ў Рэспубліцы Беларусь»
10 ліпеня 2024 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь адкрыў у Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь фотадакументальную экспазіцыю, прымеркаваную да 30 – годдзя ўвядзення ў нашай краіне інстытута прэзідэнцтва.
30 гадоў таму ў нашай краіне была ўведзена пасада Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У Беларусі ўвядзенне інстытута прэзідэнцтва было абумоўлена ходам палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця, а таксама тым цяжкім становішчам у краіне, якое было характэрна для ўсіх былых рэспублік Савецкага Саюза пасля яго развалу.
Канстытуцыя 1994 г. упершыню ў гісторыі Беларусі прадугледзела ў сістэме вышэйшых органаў дзяржаўнай улады пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Згодна з артыкулам 95 Канстытуцыі 1994 г. Прэзідэнт з’яўляўся Кіраўніком дзяржавы і выканаўчай улады. Для рэалізацыі паўнамоцтваў выканаўчай улады ў галінах эканомікі, знешняй палітыкі, абароны, нацыянальнай бяспекі, аховы грамадскага парадку і іншых сферах дзяржаўнага кіравання пры Прэзідэнце ствараўся Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь.
Прэзідэнт надзяляўся паўнамоцтвамі па кіраўніцтву сістэмай органаў выканаўчай улады і забеспячэнню іх узаемадзеяння з прадстаўнічымі органамі, прызначэнні службовых асоб, якія займаюць найбольш адказнае становішча ў дзяржаве.
Першыя прэзідэнцкія выбары ў нашай краіне адбыліся 10 ліпеня 1994 г. Першым Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь быў абраны Лукашэнка А.Р. За яго прагаласавала больш за 80% выбаршчыкаў.
Канстытуцыйна-прававы статус Прэзідэнта значна змяніўся ў 1996 г. пасля прыняцця на рэспубліканскім рэферэндуме новай рэдакцыі Канстытуцыі. Далейшае развіццё і канкрэтызацыя прававога статусу Прэзідэнта i яго паўнамоцтваў знайшло адлюстраванне ў Законе Рэспублікі Беларусь «Аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь». Шырокую падтрымку ў народзе знайшоў таксама курс на інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй і фарміраванне Саюзнай дзяржавы.
У пачатку новага тысячагоддзя, Прэзідэнтам Аляксандрам Лукашэнкам была сфармуляваная парадыгма «За моцную і квітнеючую Беларусь!», якая стала не толькі лозунгам Другога Усебеларускага Народнага сходу, які адбыўся ў маі 2001 г., але і магістральным шляхам нацыянальнага развіцця.
З несумнеўных заслуг Аляксандра Рыгоравіча на пасадзе Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь можна назваць перш за ўсё істотнае паляпшэнне матэрыяльнага дабрабыту грамадзян краіны, захаванне міру і спакою ў краіне, газіфікацыю ўсіх раёнаў краіны, пабудову атамнай электрастанцыі і заваяванне космасу. Менавіта таму сёння мы з поўнай упэўненасцю гаворым: у 1994 г. наша краіна не памылілася ў выбары першага Прэзідэнта, які на працягу ўсіх апошніх 30 гадоў застаецца нязменным лідэрам рэйтынгу народнага даверу.
На выставе прадстаўлены ўнікальныя архіўныя дакументы з фондаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь і Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
![]() |
Афiша выставы |
![]() |
Экспазiцыя выставы |
![]() |
Вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н. В.Г.Мазец знаёміць супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі з архіўнымі матэрыяламі |
![]() |
Вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н. В.Г.Мазец знаёміць наведвальнікаў выставы з архіўнымі матэрыяламі |
![]() |
Вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі, к.г.н. В.Г.Мазец знаёміць наведвальнікаў выставы з экспазіцыяй выставы |