БДАМЛМ: віртуальная выстава «Вызваленне Беларусі. Аперацыя «Баграціён» (да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь)»
2 ліпеня 2024 года на сайце Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва размешчана віртуальная выстава пад назвай «Вызваленне Беларусі. Аперацыя «Баграціён» (да Дня Незалежнасці Рэспублікі Беларусь)».
Экспазіцыя прысвечана значнай гістарычнай падзеі перыяду Вялікай Айчыннай вайны – адной з найбуйнейшых стратэгічных наступальных аперацый, якая была праведзена з мэтай разгрому нямецка-фашысцкай групы армій «Цэнтр» і вызвалення Беларусі. Аперацыя «Баграціён» пачалася на некалькі дзён раней вызначанага тэрміну: неабходна было падтрымаць партызан, супраць якіх дзейнічалі карныя і рэгулярныя падраздзяленні гітлераўскіх акупантаў.
22 чэрвеня 1944 года савецкія войскі правялі разведку боем, а ўжо 23-га асноўныя ўдарныя групоўкі Чырвонай Арміі перайшлі ў наступ. Крыху больш, чым за два месяцы аперацыі «Баграціён», Чырвоная Армія адкінула некалі буйнейшую групу армій «Цэнтр» на захад на 550 — 600 кіламетраў. Акрамя вызвалення нашай рэспублікі, ад ворага былі ачышчаны значная частка Літвы, часткі Латвіі і ўсходніх раёнаў Польшчы. А таксама створаны ўмовы для далейшага наступу Чырвонай Арміі на тэрыторыю Германіі.
На віртуальнай выставе прадстаўлены ўнікальныя фатаграфіі, звязаныя з гэтым перыядам у гісторыі Беларусі.
Арганізатары выставы спадзяюцца, што яна прыцягне ўвагу шырокай аўдыторыі і дапаможа захаваць і перадаць будучым пакаленням памяць пра подзвіг беларускага народа ў гады вайны.