Круглы стол «Васіль Быкаў. Шляхі і перспектывы даследавання і інтэрпрэтацыі творчасці: Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі» ў БДАМЛМ

12 чэрвеня 2024 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва адбыўся круглы стол «Васіль Быкаў. Шляхі і перспектывы даследавання і інтэрпрэтацыі творчасці: Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі», арганізаваны сумесна з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і штомесячным навуковым і метадычным часопісам «Роднае слова».

Мадэратарамі мерапрыемства сталі дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва А.Я.Макаранка і галоўны рэдактар часопіса «Роднае слова» Н.М.Шапран.

Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі і галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» А.М.Карлюкевіч прэзентаваў зборнік «Выбраных твараў Васіля Быкава: для дзяцей сярэдняга і старэйшага школьнага ўзросту» і перадаў яго ў бібліятэчны фонд Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.

Акрамя таго, у рабоце круглага стала прынялі ўдзел А.І.Чарота (намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі, галоўны рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва»), В.І.Караткевіч (загадчык сектара суправаджэння Нацыянальнага даследавання якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Акадэміі адукацыі), М.В.Трус (кандыдат філалагічны навук, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі), С.У.Шапран (даследчык беларускай літаратуры, біёграф в.Быкава), Л.П.Саянкова-Мельніцкая (доктар філалагічных навук, загадчык кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі БДУ), І.Р.Князева (старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры), Н.В.Трафімчык (вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь).

На круглым стале абмяркоўваліся розныя аспекты жыцця і творчасці Васіля Быкава, яго ўклад у беларускую літаратуру і культуру. Навукоўцы, крытыкі, даследчыкі і прыхільнікі творчасці пісьменніка абмяняліся думкамі аб значнасці яго твораў, іх актуальнасці ў сучасным свеце, даследавалі невядомыя аспекты жыцця і творчасці Васіля Быкава.

У рамках круглага стала былі прадстаўлены новыя даследаванні, аналітычныя працы, артыкулы і публікацыі пра Васіля Быкава. Удзельнікі абмеркавалі навуковыя падыходы да даследавання яго твораў, розныя метадалогіі інтэрпрэтацыі і аналізу тэкстаў, пытанні захавання спадчыны пісьменніка, яго месца ў гісторыі і культуры Беларусі і за яе межамі.

На мерапрыемстве таксама прайшло афіцыйнае адкрыццё выставы «Сам-насам з вечнасцю» да 100-гадовага юбілею пісьменніка. На ёй прадстаўлены ўнікальныя экспанаты з асабістага архіва пісьменніка, уключаючы рукапісы яго твораў, фатаграфіі, кнігі.

«Выстава прысвечана 100-годдзю з дня нараджэння народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава. Мы прадставілі на ёй дакументы, якія складаюць аснову фонду пісьменніка, які папаўняўся некалькі разоў. Пачыналася ўсё з таго, што сам Васіль Уладзіміравіч прынёс у архіў-музей свае дакументы ў 1970 і 1981 гадах і стварыў аснову для гэтага фонду. Пазней дакументы траплялі сюды праз яго родных і даследчыкаў. Тое, што можна ўбачыць на выставе, – гэта асноўная выцісканка з падраздзелаў фонду: дакументы, звязаныя з яго аўтабіяграфіяй, выступленне перад саюзам пісьменнікаў, рукапісы, машынапісныя лісты з рукапіснымі праўкамі, перапіскі з калегамі, карэспандэнцыя, якую ён атрымліваў з усіх куткоў СССР, розныя водгукі чытачоў», – распавяла вядучы архівіст Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Наталля Аляксандраўна Мізон.

Удзельнікі змаглі пазнаёміцца з жыццём і творчасцю Васіля Быкава яшчэ глыбей, усвядоміць уклад у беларускую літаратуру і культуру.

С.У.Шапран перадаў частку дакументаў гродзенскага архіва В.Быкава Беларускаму дзяржаўнаму архіву-музею літаратуры і мастацтва і выказаў надзеі на перадачу ўсіх матэрыялаў у бліжэйшы час. Гэты працэс сведчыць аб імкненні захаваць памяць аб выдатных асобах і падзеях для будучых пакаленняў і даследчыкаў. Перадача дакументаў таксама спрыяе пашырэнню навукова-даследчай працы і папулярызацыі літаратурнай спадчыны Васіля Быкава.

Круглы стол і адкрыццё выставы сталі важнымі падзеямі для даследчыкаў літаратуры, культуры Беларусі, а таксама для ўсіх, хто шануе творчасць Васіля Быкава і хоча паглыбіць сваё разуменне яго твораў.

Правядзенне круглага стала асвятліла найбуйнейшае інфармагенцтва Беларусі «БЕЛТА» і штодзённая грамадска-палітычная газета «Комсомольская правда».

 

1. Дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка з прывітальным словам
2. Дырэктар БДАМЛМ А.А.Макаранка і ўдзельнікі круглага стала
3. Круглы стол «Васіль Быкаў. Шляхі і перспектывы даследавання і інтэрпрэтацыі творчасці: Да 100-годдзя народнага пісьменніка Беларусі»
4. Наталля Аляксандраўна Мізон адкрывае выставу «Сам-насам з вечнасцю» да 100-гадовага юбілею пісьменніка
5. А.А. Макаранка і А.І. Чарота
6. Перадача дакументаў у БДАМЛМ
7. Удзельнікі круглага стала
8. Падчас выступу
9. Падчас выступу