Аб прэзентацыі фільма «Партызаны» у кінатэатры «Піянер»

2 мая 2024 года ў кінатэатры «Піянер» прайшла прэм’ера дакументальнага фільма, падрыхтаванага калектывам Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (далей – БДАКФФД). Тэмай фільма, які выйшаў у рамках праекту «Біяграфія маёй краіны», стаў партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Акцэнт у падборы кінахранікальнага матэрыялу быў зроблены на дэманстрацыі шырокай аўдыторыі гледачоў побыту партызанскіх атрадаў і злучэнняў, які доўгі час заставаўся за кадрам.

З уступным словам перад гасцямі прэм’еры, вучнямі школ і гімназій Ленінскага раёна г. Мінска, выступіла загадчык аддзела дзяржаўнага ўліку і навукова-даведачнага апарата М.Д.Раманава, коратка асвятліўшы гісторыю стварэння кінадакументаў, на аснове якіх быў створаны фільм. Таксама ў дакладзе была падкрэслена неабходнасць папулярызацыі ўнікальных дакументаў у мэтах захавання гістарычнай памяці і дакладнага разумення падзей Вялікай Айчыннай вайны.

Цікавым працягам распачатай раней тэмы партызанскіх фармаванняў і іх ролі ў наступальнай аперацыі «Баграціён» стала гутарка з рэжысёрам фільма «Час вярнуцца» Іванам Паўлавым. Пасля аповеду пра здымкі фільма, яго герояў і іх прататыпы ў рэальным жыцці адбыўся прэм’ерны паказ ваенна-гістарычнай драмы.

У той жа дзень адбылося інтэрв’ю М.Д.Раманавай з вядучай радыёперадач «Настрой» і «Творчы вечар» Першага нацыянальнага канала беларускага радыё Янай Хадоска. Асноўнай тэмай размовы сталі праекты архіва, такія як «Адкрыты кінаархіў», «Біяграфія маёй краіны», «Без рэтушы», «У адкрытым доступе».

 

1. Перад пачаткам прэзентацыі дакументальнага фільма «Партызаны» ў кінатэатры «Піянер»
2. Падчас правядзення прэзентацыі