ТРАГЕДЫЯ ЧАРНОБЫЛЯ

26 красавіка 2024 года ў Міністэрстве юстыцыі Рэспублікі Беларусь адкрылася фотадакументальная выстава «Чарнобыль: боль і памяць», падрыхтаваная Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і прымеркаваная да Дня Чарнобыльскай трагедыі.

26 красавіка 1986 г. здарылася аварыя на Чарнобыльскай АЭС — планавае выключэнне рэактара, якое доўжылася 20 секунд, здавалася звычайнай праверкай электраабсталявання. Аднак праз некалькі секунд у выніку рэзкага скачка напружання адбыўся хімічны выбух, у выніку якога ў атмасферу было выкінута каля 520 відаў небяспечных радыенуклідаў.

Інтэнсіўны пажар працягваўся 10 сутак, за гэты час сумарны выкід радыеактыўных матэрыялаў у навакольнае асяроддзе склаў каля 14 эксабеккерелей (парадку 380 000 000 Кюры). Радыеактыўнаму забруджванню падвергнулася больш за 200 000 кв.км, з іх 70% – на тэрыторыі Украіны, Беларусі і Расіі.

Першымі ў ліквідацыі наступстваў прынялі ўдзел работнікі станцыі і пажарныя. На барацьбу з наступствамі выбуху энергаблока адпраўляліся вайскоўцы, міліцыянты, шахцёры, лекары і проста неабыякавыя грамадзяне. Пазней іх сталі называць «ліквідатарамі». Асноўная частка работ па ліквідацыі аварыі выканана ў 1986-1987 гг. Агульная колькасць «ліквідатараў» (уключаючы наступныя гады) склала больш за 600 000 чалавек.

Чарнобыльская аварыя прымусіла свет па-новаму зірнуць на развіццё тэхнічнага прагрэсу. Паводле ацэнак экспэртаў, агульная магутнасць выбуху больш чым у 100 разоў перавышала магутнасць ядзернай зброі, ужытай падчас Другой сусветнай вайны. Шкода, нанесеная Беларусі Чарнобыльскай катастрофай у разліку на 30-гадовы перыяд яе пераадолення, ацэньваецца ў 235 000 000 000 даляраў ЗША, што роўна 32 бюджэтам Рэспублікі 1985 г. Наступствы самай буйной катастрофы ў гісторыі мірнага атама спецыялісты з усяго свету ліквідуюць да гэтага часу.

Наступствы трагедыі – не толькі сацыяльна–эканамічныя, экалагічныя, але і духоўныя-адчуваюцца да гэтага часу, і рэха Чарнобыльскай катастрофы будзе гучаць яшчэ не адно дзесяцігоддзе. Менавіта таму гісторыя гэтай бяды і гісторыя пераадолення яе наступстваў заслугоўваюць таго, каб людзі пра гэта ведалі і памяталі.

8 снежня 2016 года Генеральная Асамблея ААН сваёй рэзалюцыяй абвясціла 26 красавіка Міжнародным днём памяці аб чарнобыльскай катастрофе. У Беларусі 26 красавіка гэта Дзень чарнобыльскай трагедыі.

У фондах Нацыянальнага архіва захоўваюцца пастановы, дакладныя запіскі, даведкі, пратаколы пасяджэнняў і рашэнні ўрадавай камісіі па ліквідацыі наступстваў аварыі на ЧАЭС, дакументы аб перасяленні насельніцтва з заражаных тэрыторый, аб стане здароўя пацярпелых людзей, аб аказанні міжнароднай дапамогі ў сувязі з аварыяй. Асаблівую цікавасць таксама выклікаюць дакументы аб гісторыка-культурных каштоўнасцях, якія апынуліся ў заражаных раёнах.

Вядучы архівіст Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь В.П. Гарматны пазнаёміў з выставай супрацоўнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

 

1. Вядучы архівіст В. П. Гарматны знаёміць супрацоўнікаў і Мінюста з выставай дакументаў.
2. Вядучы архівіст В. П. Гарматны знаёміць супрацоўнікаў і Мінюста з выставай дакументаў.
3. Супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі знаёмяцца з выставай архіўных дакументаў.
4. Супрацоўнікі Міністэрства юстыцыі знаёмяцца з выставай архіўных дакументаў.