Напярэдадні свята – новыя старонкі Кнігі пашаны Цэнтральнай лабараторыі

7 сакавіка ў дзяржаўнай установе «Цэнтральная лабараторыя забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» адбылося ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню жанчын.

Мужчыны-супрацоўнікі лабараторыі павіншавалі сваіх калег-жанчын з выдатным вясновым святам, пажадаўшы ім моцнага здароўя, мірнага неба, сямейнай утульнасці і паспяховай працы.

Шчырыя словы віншаванняў былі падмацаваны святочнымі букетамі, а ад прафсаюзнай арганізацыі – падарункавымі сертыфікатамі.

Аднак у гэты дзень гучалі віншаванні не толькі ў гонар вясновага свята – сёння Кніга пашаны Цэнтральнай лабараторыі папоўнілася новымі старонкамі.

Рашэннем дырэкцыі, за шматгадовую добрасумленную працу, значны асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай палітыкі ў сферы забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь у Кнігу пашаны Цэнтральнай лабараторыі былі занесены – загадчык аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў Пацёкіна Ірына Васільеўна, узнагароджаная знакам Міністэрства юстыцыі «За адзнаку» дзвюх ступеняў, а таксама архівісты-рэстаўратары аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў Котава Таццяна Міхайлаўна і Кісель Вольга Уладзіміраўна, якія прапрацавалі рэстаўратарамі больш за 40 гадоў.

Як падкрэсліў дырэктар лабараторыі У.Л.Клюйко, уручаючы Пасведчанні аб занясенні ў Кнігу пашаны, гэтыя людзі – залаты фонд архіўнай галіны, наш гонар і прыклад пераймання для моладзі.

 

Злева-направа-дырэктар лабараторыі У.Л.Клюйко, архівіст-рэстаўратар аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў Т.М.Котава, загадчык аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў І.В.Пацёкіна, архівіст-рэстаўратар аддзела рэстаўрацыі і кансервацыі дакументаў В.У.Кісель.