БДАМЛМ: 110 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова

Сёння, 6 лютага – 110 год з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова (1914–1978).

Да юбілею паэта работнікі БДАМЛМ далі інтэрв’ю газеце «Звязда», пагутарылі і правялі экскурсію па новай выставе «Перад сабой і светам будзь праўдзівы..». для Аляксандра Мацяса, карэспандэнта тэлеканала «ОНТ».

Куляшоў Аркадзь Аляксандравіч нарадзіўся 6 лютага 1914г. у вёсцы Саматэвічы Клімавіцкага павета Магілёўскай губерніі (цяпер Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці) ў сям’і настаўнікаў. У 1928г. паступіў у Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум, а ў 1931г. перайшоў на першы курс літаратурнага факультэта Беларускага вышэйшага педагагічнага інстытута, дзе правучыўся да вясны 1933г. Быў членам БелАПП. Працаваў у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена» (1934), на беларускім радыё (1934–1936), літкансультантам у кабінеце маладога аўтара пры СП БССР (1936–1937). У 1941–1943гг. – на фронце ў армейскай газеце «Знамя Советов», у 1943–1945гг. – у Беларускім штабе партызанскага руху. У 1945–1946гг. – рэдактар газеты «Літаратура і мастацтва», у 1958–1967гг. – начальнік сцэнарнага аддзела, галоўны рэдактар кінастудыі «Беларусьфільм». У 1961 г.у складзе дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XVI сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Абіраўся дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР (1947–1978). Член СП СССР з 1934г.

Узнагароджаны двума ордэнамі Леніна (1948, 1964), ордэнам Чырвонага Сцяга (1943), двума ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга (1955, 1974) і медалямі. Народны паэт БССР (1968), заслужаны работнік культуры УССР (1973). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій СССР (1946г. – за паэму «Сцяг брыгады», 1949г. – за паэму «Новае рэчышча»). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Я.Купалы (1970г. – за пераклады паэзіі М.Лермантава, паэм «Энеіда» І.Катлярэўскага, «Спеў аб Гаяваце» Г.Лангфэла). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968г. – за паэмы «Грозная пушча», «Толькі ўперад», «Песня аб слаўным паходзе» і вершы ў перыёдыцы).

Фонд народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова – адзін з самых буйных у БДАМЛМ. Ён налічвае звыш 3700 дакументаў. Да юбілейнага года творцы архіў-музей прэзентуе каштоўныя дакументы на літаратурна-дакументальнай выставы «Перад сабой і светам будзь праўдзівы…»

Увазе наведвальнікаў прадстаўлены як шматлікія рукапісы знакавых твораў Куляшова, так і дакументы, якія праліваюць святло на міфы, звязаныя з яго паэзіяй. Лісты сяброў дзяцінства і юнацтва адкрываюць цікавыя факты біяграфіі паэта, якія не былі дасюль згаданыя ў вядомых звестках пра Аркадзя Аляксандравіча. Сярод усяго багацця фонду Куляшова ўвагу біёграфаў і даследчыкаў прыцягнуць унікальныя лісты ваеннай пары, якія захавалі эмоцыі і думкі куляшоўскага кола сяброў і сваякоў.

Спецыялісты БДАМЛМ прапануюць нанова прачытаць вядомыя з дзяцінства радкі Куляшова праз прызму прадстаўленых у архіўным фондзе дакументаў.