Вечар памяці Лявона Баразны ў БДАМЛМ

16 сакавіка 1960 года падчас працы над раманам «Каласы пад сярпом тваім» Уладзімір Караткевіч напісаў у лісце Янку Брылю: «Я ведаю: трэба працаваць. Іншага для мяне бадай што і не дадзена. І не трэба чакаць ад жыцця немагчымага. Магчыма, гэта лёс паклаў на плечы якіх-небудзь трыццацёх людзей цяжар цэлага народа, каб даведацца, ці ёсць мяжа сілам чалавечым». Лявон Баразна для многіх і быў адным з гэтых «трыццацёх людзей», на якіх у пэўны час трымалася беларуская культура.

Менавіта таму 1 лютага 2024 года ў Беларускім дзяржаўным архіве-музее літаратуры і мастацтва прайшоў вечар памяці і адкрыццё выставы «Аратайнай душы чалавек…», прысвечаных 95-годдзю з дня нараджэння мастака, этнографа і грамадскага дзеяча Лявона Баразны.

На мерапрыемстве выступілі дочкі мастака (Алена і Кацярына), яго сябры і знаёмыя. Мерапрыемства наведалі каля 50-ці чалавек, сярод якіх вядомыя мастацвазнаўцы В.А.Лабачэўская і Н.М.Усава, мастакі М.М.Купава і Н.В.Пілюзіна, супрацоўнік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі кандыдат фізіка-матэматычных навук М.У.Малько, аўтар дакументальнага фільма «Лявон Баразна. Адданае сэрца…» З.А.Іўчанка, дызайнер і ўкладальнік альбома прац Лявона Баразны Мікола Аракчэеў і іншыя.