ДЗЕНЬ УСЕНАРОДНАЙ ПАМЯЦІ АХВЯР ВЯЛІКАЙ АЙЧЫННАЙ ВАЙНЫ

21 чэрвеня 2023 года Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь адкрыў дакументальную выставу «Уставай краіна велізарная…», прымеркаваную да Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа.

Менавіта ў гэты дзень летам 1941 г. пачалася самая кровапралітная і страшная вайна ў гісторыі нашай краіны, якая з’явілася асноўнай часткай Другой сусветнай вайны 1939-1945 гг. Гэты дзень нагадвае пра ўсіх загінулых у баях, закатаваных у гітлераўскай няволі, памерлых у тыле ад голаду і пазбаўленняў. Мы смуткуем па ўсіх, хто цаной свайго жыцця выканаў святы абавязак, абараняючы ў тыя суровыя гады сваю Айчыну.

Да лета 1941 г. нацысцкай Германіяй былі паняволеныя многія еўрапейскія краіны, і савецкі народ прыняў на сябе самы магутны ўдар, на які адказаў адзіным магутным супрацівам, стаяў у поўным сэнсе гэтага слова да смерці, абараняючы Айчыну. Страты СССР склалі 40% усіх людскіх страт у Другой сусветнай вайне. Каля аднаго мільёна савецкіх воінаў аддалі свае жыцці пры вызваленні народаў Еўропы. Згодна з заключэннем надзвычайнай Дзяржаўнай камісіі па ўсталяванні і расследаванні злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў, акупанты поўнасцю або часткова разбурылі звыш 1 700 гарадоў і пасёлкаў, звыш 70 000 вёсак СССР, толькі прамы матэрыяльны ўрон дзяржаве і насельніцтву склаў 679 млрд.рублёў (у цэнах 1941 г.). Панесеныя краінай людскія страты і матэрыяльны ўрон ад нямецка-фашысцкай агрэсіі ні з чым непараўнальныя. Гісторыя яшчэ не ведала такіх разбурэнняў, варварства і нялюдскасці, якімі адзначаны шлях гітлераўцаў па савецкай зямлі.

22 чэрвеня на постсавецкай прасторы прыспускаюць дзяржаўныя сцягі і ўспамінаюць гэтую вайну і загінулых у ёй. У гэты дзень праходзяць розныя ўрачыстыя і памятныя мерапрыемствы з запаленнем свечак, ускладаннем кветак да помнікаў і мемарыялаў.

У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца ўнікальныя дакументы, якія прадстаўлены на выставе: разведвальныя зводкі і спец-паведамленні Народнага камісара ўнутраных спраў БССР Л. Цанавы аб сітуацыі на мяжы і прылеглай тэрыторыі на 1941 год, пастановы Ваеннага Савета Заходняй Асобай Ваеннай Акругі аб падрыхтоўцы да будаўніцтва абаронных збудаванняў, аб ходзе забеспячэння РСЧА, дакладныя запіскі сакратара Брэсцкага абкама КП (Б) Б М.М. Тупіцына ў ЦК ВКП (б) і ЦК КП (б) б аб становішчы на фронце Брэст–Кобрынскага напрамку, дыслакацыю нямецкіх войскаў напярэдадні нападу на Савецкі Саюз, нямецкія карты акупаванага Мінска, распараджэнні аб эвакуацыі прадпрыемстваў і насельніцтва, дакументы аб арганізацыі партызанскага руху і рукапісныя выданні партызан.

 

1. Вядучы архівіст аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь В. П. Гарматны азнаямляе работнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з матэрыяламі выставы
2. Намеснік загадчыка аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь М. П. Бягун азнаямляе работнікаў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь з матэрыяламі выставы
3. Архіўныя дакументы на выставе