Удзел работнікаў Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва ў адкрыцці выставы «Аляксей Глебаў. Праслаўляючы чалавека»

16 чэрвеня 2023 г. работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў (далей – БДАКФФД) і Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва (далей – БДАМЛІ) прынялі ўдзел ва ўрачыстым адкрыцці сумеснай з Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь (далей – музей) выставы «Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека». Выстава размяшчаецца на базе музея і будзе працаваць да 13 жніўня.

Аляксей Канстанцінавіч Глебаў – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (пасмяротна), удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, скульптар і педагог, належыць да плеяды мастакоў, творчасць якіх пачалася падчас фарміравання і станаўлення беларускай скульптурнай школы. Яго працы, якія сумяшчаюць у сабе рэвалюцыйны рамантызм і мяккасць формаў, вытанчанасць контураў і героіка-грамадзянскую змястоўнасць, уяўляюць сабой яркую старонку ў гісторыі развіцця беларускага мастацтва перыяду БССР.

Архіўныя фотадакументы БДАКФФД з калекцыі Клары Андрэеўны Бембель, дачкі вядомага беларускага і савецкага скульптара, народнага мастака Беларусі Андрэя Ануфрыевіча Бембеля, якія адлюстроўваюць перыяд творчага жыцця А.Глебава ў 1940-1960-х гг., яго сумесную працу з калегамі, разнастаілі багатую выставачную экспазіцыю. Інтарэс наведвальнікаў вызвала архіўная кінахроніка, выкарыстаная для афармлення відэашэрагу, на якой скульптар паказаны падчас працы. З фондаў БДАМЛІ на выставе прадстаўлены біяграфічныя дакументы скульптара: членскія білеты, пасведчанні, ганаровыя граматы і дыпломы, а таксама перапіска і віншавальныя тэлеграмы.

Выступаючы падчас адкрыцця выставы, дырэктар БДАКФФД Андрэй Мікалаевіч Ганчар зрабіў акцэнт на патэнцыяле супрацоўніцтва і новых магчымасцях папулярызацыі архіўных дакументаў, якія ўяўляюць цікавасць з пункту гледжання захавання культурнай спадчыны Беларусі.

 

Фотадакументы Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў дэманструюцца ў экспазіцыі выставы «Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека» Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь
Дырэктар БДАКФФД А.М.Ганчар падчас адкрыцця выставы «Аляксей Глебаў. Услаўляючы чалавека» ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь