Акцыя «Архівы – школе» ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва

1 чэрвеня, у Міжнародны дзень абароны дзяцей, у рамках рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», работнікі Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва правялі экскурсію па будынку архіва-музея для вучняў 3-5 класаў. Наведвальнікі даведаліся пра гісторыю былога касцёла Святога Язэпа, дзе сёння размяшчаюцца архіўныя сховішчы. Дзеці на свае вочы пабачылі і дакрануліся да капітэляў з ляпнінай, якім больш за 300 год; прайшлі пад самым дахам мураванага гмаху да былой алтарнай часткі; памералі крокамі глыбіню і вышыню будынка; дазналіся пра парэшткі вітых лесвіц, што вялі на хоры і ў скляпенні; параўналі сённяшні выгляд будынка з архіўнымі фотаздымкамі розных перыядаў. Фондасховішчы архіва-музея ўразілі школьнікаў колькасцю паліц з дакументамі, якія захоўваюць гісторыю літаратуры і мастацтва. На экскурсіі дзеці выказалі жаданне працаваць у архіве і вывучаць гісторыю свайго народа па дакументах.