Пра збудаванне мемарыяльнага знака супрацоўнікам Беларускай міліцыі ў в.Гаі
Пры абароне Магілёва, у ліпені 1941 года, асабліва вызначыўся батальён міліцыі, які прыкрываў паўночныя подступы да горада. На мяжы вёсак Пашкова і Гаі 250 байцоў батальёна 7 дзён стрымлівалі націск немцаў.
Камандзірам батальёна быў начальнік аддзела службы і баявой падрыхтоўкі Магілёўскага абласнога ўпраўлення міліцыі Канстанцін Уладзіміраў.
У адпаведнасці з пастановай бюро Магілёўскага абкама КПБ і выканаўчага камітэта Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў працоўных «Аб збудаванні мемарыяльнага знака, які ўвекавечвае памяць супрацоўнікаў Беларускай міліцыі, якія загінулі пры абароне г.Магілёва ў ліпені 1941 года» ад 26 жніўня 1971 г. №18 прынята рашэнне аб будаўніцтве памятнага знака.
У 1980 годзе манумент быў узведзены ў выглядзе стэлы, якая сімвалізуе сцяг, на якой рэльефна вылучаюцца барэльефы асоб двух байцоў (скульптар М.Кузняцоў, архітэктар К.Аляксееў).