Візіт даследчай групы навуковага праекта «Атлас ваеннай гісторыі Казахстана» Нацыянальнага універсітэта абароны Казахстана ў Нацыянальны архіў

10 красавіка 2023 г. Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь з рабочым візітам наведала даследчая група навуковага праекта «Атлас ваеннай гісторыі Казахстана» з Нацыянальнага ўніверсітэта абароны Казахстана. У складзе рабочай групы – доктар гістарычных навук, прафесар Мухамеджанава Сайран Шаймердэнаўна (кіраўнік праекта); кандыдат гістарычных навук, палкоўнік Макіпаў Аскар Саветкановіч; палкоўнік Умбетаў Азамат Жарылкасыновіч.

Ад Нацыянальнага архіва ў сустрэчы ўдзельнічалі – дырэктар архіва Дземянюк Андрэй Канстанцінавіч; намеснікі – Стуканава Алена Аляксандраўна і Кушнова Алена Уладзіміраўна; загадчык аддзела выкарыстання дакументаў і інфармацыі Старасценка Маргарыта Анатольеўна і загадчык сектара па рабоце з дакументамі перыяду Вялікай Айчыннай вайны Сівец Сяргей Антонавіч.

У ходзе сустрэчы намеснік дырэктара архіва Стуканава А.А. прадставіла прэзентацыю аб дзейнасці Нацыянальнага архіва. Асаблівую цікавасць выклікалі дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны, а менавіта аб удзеле казахстанцаў у партызанскім руху на тэрыторыі БССР. Сівец С.А. распавёў аб складзе партызанскіх дакументаў, якія захоўваюцца ў архіве, а Старасценка М.А. адзначыла даўняе супрацоўніцтва з архівістамі Казахстана. Гасцям была прадэманстравана база даных аб удзельніках партызанскага і падпольнага руху, а таксама серыя кніг, падрыхтаваная апошнім часам работнікамі Нацыянальнага архіва.

Удзельнікі сустрэчы наведалі архівасховішча, дзе захоўваюцца дакументы перыяду Вялікай Айчыннай вайны.