Адкрыццё выставы «Імі ганарыцца Лідчына»
28.03.2023 ва ўстанове «Занальны дзяржаўны архіў у г.Лідзе» адбылося адкрыццё выставы «Імі ганарыцца Лідчына».
У аснову выставы ляглі дакументы фонду «Калекцыя дакументаў асабістага паходжання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, ветэранаў працы, дзеячаў культуры і народнай гаспадаркі г.Ліды і Лідскага раёна».
На выставе прадстаўлены дакументы ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і працы Балабай Зоі Дзмітрыеўны і ветэрана Вялікай Айчыннай вайны і працы, намесніка старшыні Лідскага раённага выканаўчага камітэта з 1965 па 1986 год Баранава Георгія Паўлавіча.
З уступным словам да прысутных звярнулася дырэктар архіва Свірко Святлана Генадзьеўна, якая нагадала аб галоўных асновах маральнасці беларускага народа, яго непарушных традыцыйных каштоўнасцях – любові да роднай зямлі, адказнасці за яе ў гады цяжкіх ваенных выпрабаванняў, аб уменні працаваць і павазе да працы, сям’і, роду, захаванні гістарычнай памяці і пераемнасці пакаленняў. Гісторыя кожнай беларускай сям’і з’яўляецца часткай гісторыі краіны, дзе кожнае новае пакаленне піша свой раздзел.
На адкрыцці выставы прысутнічаў сын Баранава Георгія Паўлавіча – Валерый Георгіевіч Баранаў, які падзяліўся ўспамінамі пра свайго бацьку. Валерый Георгіевіч расказаў пра сваю сям’ю, успомніўшы дзядулю Паўла Лук’янавіча і па-геройску загінуўшых падчас Вялікай Айчыннай вайны братоў свайго бацькі – Уладзіміра Паўлавіча і Леаніда Паўлавіча, пра сваю бабулю Фаіну, якая загінула ад рук нямецка-фашысцкіх акупантаў, пра ўдзел яго бацькі ў камсамольскім падпольным руху на тэрыторыі Віцебскай вобласці.