Як падрыхтаваць архівіста-рэстаўратара?

Адной з асноўных мэт рэспубліканскай акцыі «Архівы – школе», якая праводзіцца паводле рэспубліканскага плану мерапрыемстваў па правядзенні ў 2023 году Года міра і стварэння, з’яўляецца асвятленне актуальных пытанняў захавання гераічнай спадчыны і гістарычнай праўды ў розныя перыяды жыцця беларускага народа.

Дадзеная акцыя таксама спрыяе ў правядзенні дзяржаўнай установай «Цэнтральная лабараторыя забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» працы па прафесійнай арыентацыі будучых маладых спецыялістаў і ўмацаванню ўласнага кадравага патэнцыялу.

Так, 22 і 23 сакавіка ў лабараторыі адбыліся тры сустрэчы са студэнтамі 3 курсу гістарычнага факультэта БДУ, якія атрымліваюць адукацыя па спецыяльнасці «Гісторыка-архівазнаўства» і студэнтамі 2 курсу гэтага ж факультэта, але якія атрымліваюць адукацыю па спецыяльнасці «Гісторыя».

Падчас кожнай з сустрэч, ва ўступным слове, дырэктар лабараторыі В.Л.Клюйко пазнаёміў студэнтаў з кірункамі дзейнасці лабараторыі і яе значнасці ў справе захавання гістарычнага здабытку. Таксама, была нададзена ўвага і такому пытанню, як падрыхтоўка архівістаў-рэстаўратараў. Бо на сённяшні дзень па такой спецыяльнасці падрыхтоўка не ажыццяўляецца ні ў адной навучальнай установе краіны і ўнікальнымі адмыслоўцамі становяцца на працоўных месцах пасродкам настаўніцтва дасведчаных калегаў.

Ну, а ва ўнікальнасці прафесіі архівіста-рэстаўратара, будучыя гісторыкі пераканаліся самі, азнаёміўшыся з усімі этапамі тэхналагічнага працэсу мікрабіялагічных даследаванняў, дэзінфекцыі, рэстаўрацыі, пераплёту, мікрафільмавання і аблічбавання архіўных дакументаў.

Адмысловая цікавасць у студэнтаў выклікала навочная дэманстрацыя працэсу рэстаўрацыі архіўнага дакумента з папаўненнем разбуранай часткі ліста. Студэнты пераканаліся, што працы па аднаўленні першапачатковага выгляду архіўнага дакумента патрабуюць карпатлівага і скрупулёзнага стаўлення, вялікага досведу і адказнасці ўнікальных адмыслоўцаў, якія працуюць у лабараторыі.

Шматлікія студэнты выявілі непадробную зацікаўленасць у магчымасці наведвання на 4 курсе практычных заняткаў па навучальнай дысцыпліне «Асновы мікрафільмавання і рэстаўрацыі дакументаў на папяровай аснове» на базе лабараторыі, а таксама праходжання навучальнай практыкі з магчымым наступным працаўладкаваннем.