У Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры «Кардыялогія» адкрылася інтэрактыўная выстава «Партызаны Беларусі»
17 сакавіка 2023 г. у Дзяржаўнай установе «Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр «Кардыялогія» (РНПЦ) адкрылася інтэрактыўная выстава «Партызаны Беларусі». Экспазіцыя прысвечана партызанскаму і падпольнаму руху ў гады Вялікай Айчыннай вайны і заснавана на дакументах унікальнага праекта выдавецкага дома «Беларусь сёння» і Нацыянальнага архіва, партала «Партызаны Беларусі», матэрыялах Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў.
Выставу адкрыла Наталля Паўлаўна Міцькоўская – дырэктар РНПЦ «Кардыялогія». У сваім выступленні Н.П.Міцькоўская адзначыла аб важнасці прадстаўленага праекта ў захаванні гістарычнай памяці аб удзельніках Вялікай Айчыннай вайны. Яна расказала гасцям і калегам аб сваім бацьку, ваенным лётчыку – удзельніку вайны, аб тым, як у сям’і шануюць і захоўваюць памяць аб ім.
Дырэктар Нацыянальнага архіва А.К.Дзямянюк, выступаючы перад прысутнымі, расказаў аб праекце «Партызаны Беларусі» і адзначыў, што інтэрактыўная выстава – гэта даніна памяці тым, хто змагаўся супраць нацыстаў у складзе партызанскіх брыгад, атрадаў і фарміраванняў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Гэты праект атрымаў старт у 2019 годзе і мае вельмі вялікае значэнне ў папулярызацыі архіўных дакументаў. А.К.Дзямянюк расказаў аб публікацыйнай дзейнасці архіва, якая таксама з’яўляецца адным з асноўных напрамкаў дзейнасці ў верыфікацыі гістарычных фактаў і перадаў экзэмпляры зборніка архіўных дакументаў «Хатынская трагедыя», падрыхтаваны да 80-годдзя спалення Хатыні, дырэктару РНПЦ «Кардыялогія» Н.П.Міцькоўскай і Генеральнаму дырэктару – галоўнаму рэдактару выдавецкага дома «Беларусь Сегодня» Д.А.Жуку. Дырэктар Нацыянальнага архіва падзякаваў кіраўніцтву РНПЦ «Кардыялогія» за магчымасць прадставіць выставу для работнікаў цэнтра.
Генеральны дырэктар – галоўны рэдактар выдавецкага дома «Беларусь Сегодня» Д.А.Жук, выступаючы перад работнікамі РНПЦ «Кардыялогія» адзначыў, што партал «Партызаны Беларусі» наведалі тысячы карыстальнікаў з нашай краіны і прадстаўнікоў іншых краін свету. Пакуль людзі памятаюць і перадаюць з пакалення ў пакаленне гісторыю не толькі нашай краіны, але і кожнага героя паасобку, ёсць спадзяванне, што вайна не прыйдзе на нашу зямлю. Д.А.Жук расказаў аб магчымасці напаўняць партал звесткамі з сямейных архіваў – фатаграфіямі, дакументамі аб гераічных продках. Таксама Д.А.Жук расказаў пра сваіх гераічных дзядоў, якія бралі ўдзел у партызанскім руху. Памяць аб іх стала штуршком і асноўным стымулам у стварэнні электроннай энцыклапедыі.
Фота: РНПЦ «Кардыялогія»