Архівісты пабывалі на экскурсіі ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь

20 лютага 2023 года работнікі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі, Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы наведалі Прэзідэнцкую бібліятэку Рэспублікі Беларусь.

Архівістаў і бібліятэкараў звязвае шматгадовае супрацоўніцтва – арганізавана мноства сумесных праектаў, не раз выставы з фондаў беларускіх архіваў і Прэзідэнцкай бібліятэкі ўпрыгожвалі розныя мерапрыемствы, а ў верасні 2022 года работнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі пабывалі на экскурсіі ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.

Экскурсія па Прэзідэнцкай бібліятэцы дазволіла архівістам даведацца больш аб дзейнасці ўстановы, аб каштоўнасцях, якія захоўваюцца ў бібліятэчных фондах, даведацца пра цікавыя факты з гісторыі Дома Урада, у якім размяшчаецца бібліятэка.

Пад час наведвання аддзела старадрукаваных і рэдкіх выданняў архівісты пазнаёміліся з рарытэтнымі экзэмплярамі кніг, дакументаў і перыядычных выданняў, якія адлюстроўваюць дзяржаўныя, грамадскія і культурныя змены з XV па XX стагоддзі.

Госці Прэзідэнцкай бібліятэкі таксама азнаёміліся з унікальнымі музейнымі артэфактамі трох часовых перыядаў: даваеннага, акупацыйнага і пасляваеннага, знойдзенымі падчас будаўнічых работ пад дахам Дома ўрада.

Архівісты таксама наведалі тэматычную выставу, прысвечаную гісторыі развіцця натарыяльнай дзейнасці і заканадаўства аб натарыяце Рэспублікі Беларусь. На выстаўцы прадстаўлены заканадаўчыя акты, кнігі і перыядычныя выданні, якія раскрываюць гісторыю развіцця натарыята, агляды змяненняў у заканадаўстве па пытаннях натарыяльнай дзейнасці і іншыя дакументы, якія адлюстроўваюць дзейнасць органаў юстыцыі.