Аб рэспубліканскім семінары (галіновай нарадзе) на тэму «Актуальныя пытанні прымянення заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства ў практыцы работы дзяржаўных архіваў»

2 лютага 2023 года ў рамках мерапрыемстваў, прысвечаных падвядзенню вынікаў работы архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь за 2022 год і задачам на 2023 год, адбыўся рэспубліканскі семінар (галіновая нарада) на тэму «Актуальныя пытанні прымянення заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства ў практыцы работы дзяржаўных архіў».

У семінары прынялі ўдзел дырэктары рэспубліканскіх, абласных і занальных дзяржаўных архіваў.

З уступным словам выступіў дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь А.Л.Воінаў, які падкрэсліў асаблівую значнасць пытанняў.

У сваім выступленні А.Л.Воінаў зазначыў, што ў 2022 годзе праведзена вялікая работа па ўдасканаленню заканадаўства ў сферы архіўнай справы і справаводства. Новыя палажэнні, уключаныя ў Закон Рэспублікі Беларусь «Аб архіўнай справе і справаводстве», закліканы вырашаць асноўную задачу, якая стаіць перад архіўнай галіной – захаваць дакументы, якія захоўваюцца ў архівах.

Алег Леанідавіч падкрэсліў, што на сучасным этапе вельмі актуальнае пытанне – арганізацыя захоўвання электронных дакументаў. У адрозненне ад дакументаў, створаных на папяровым носьбіце, якія могуць захоўвацца працяглы час, захоўваючы сваю юрыдычную значнасць і даступнасць для ўспрымання, электронныя дакументы маюць складаную структуру, іх юрыдычная значнасць пацвярджаецца электронным лічбавым подпісам. Гэтыя дакументы непарыўна звязаны з тэхналогіямі, якія дынамічна змяняюцца, і патрабуюць комплексу мерапрыемстваў па забеспячэнні іх дакладнасці, захаванасці і даступнасці.

Адзначана, што не менш важнай з’яўляецца праблема перадачы электронных дакументаў з сістэм электроннага дакументаабароту ў ведамасны архіў, а ў будучым у Інфармацыйную сістэму архіва электронных дакументаў.

Дырэктар БелНДІДАД А.Я.Рыбакоў праінфармаваў удзельнікаў аб навацыях у заканадаўстве па архіўнай справе і справаводстве.

Пра магчымасці аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэмы «Ведамасны архіў» расказала прадстаўнік Нацыянальнага цэнтра электронных паслуг А.С.Талочка.

Вопытам работы па перадачы электронных дакументаў на захоўванне ў дзяржаўны архіў падзяліліся з удзельнікамі семінара дырэктар БелНІЦЭД Ю.Э.Празоравіч і намеснік дырэктара НАРБ А.А.Стуканава.

У сваім выступленні А.А.Стуканава адзначыла, што работа дзяржархіваў з арганізацыямі-крыніцамі камплектавання па пытаннях захоўвання электронных дакументаў павінна будавацца на пастаяннай аснове. Дзяржархівы не павінны заставацца ўбаку, а ісці ў арганізацыі. А.А.Стуканава падзялілася вопытам работы па перадачы электронных дакументаў Міністэрства фінансаў на пастаяннае захоўванне з дапамогай Інфармацыйнай сістэмы архіва электронных дакументаў, адзначыла неабходнасць папярэдняй метадычнай работы ў арганізацыях.

Пасля заканчэння рэспубліканскага семінара ўдзельнікі азнаёміліся з работай Цэнтра аблічбоўкі і забеспячэння захаванасці бібліятэчных дакументаў Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі і работай па аблічбоўцы архіўных дакументаў у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь.