28 лістапада 2022 г. адбылося пасяджэнне калегіі Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь.

У пасяджэнні прынялі ўдзел намеснік Міністра юстыцыі Рэспублікі Беларусь Кот А.М., начальнік галоўнага ўпраўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў Міністэрства юстыцыі Якімовіч В.У., члены калегіі Дэпартамента, работнікі Дэпартамента, кіраўнікі рэспубліканскіх (вочна) і абласных архіўных устаноў (у дыстанцыйным фармаце (з выкарыстаннем тэхналогіі відэаканферэнцсувязі).

Разглядаліся пытанні:

1. Аб рабоце Дэпартамента і дзяржаўных архіваў па ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур у 2022 годзе.
Інфармацыя кансультанта аддзела арганізацыйнай работы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента Булойчык Н.Ц.

2. Аб рабоце па выкананні рэспубліканскімі архіўнымі ўстановамі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. № 1 «Аб мерах па ўмацаванні грамадскай бяспекі і дысцыпліны».
Інфармацыя намесніка начальніка аддзела справаводства, фарміравання і забеспячэння захаванасці НАФ Качатковай А.У.

3. Аб рабоце спецыялізаваных галіновых лабараторый па рэстаўрацыі, аблічбоўванні, выкарыстанні навуковых даследаванняў і дасягненняў у практыцы работы.
Інфармацыя дырэктара дзяржаўнай установы «Цэнтральная лабараторыя забеспячэння захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» Клюйко В.Л., дырэктара дзяржаўнай установы «Рэспубліканская лабараторыя мікрафільміравання страхавога фонду Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь» Звегінцавай А.А.

Па першым пытанні калегіяй адзначана, што ў 2022 годзе дзейнасць Дэпартамента і дзяржаўных архіваў была накіравана на своечасовае і якаснае ажыццяўленне адміністрацыйных працэдур у адпаведнасці з парадкам, устаноўленым Законам Рэспублікі Беларусь ад 28 кастрычніка 2008 г. № 433-З “Аб асновах адміністрацыйных працэдур” ( далей – Закон).

У адпаведнасці з патрабаваннямі артыкула 7 Закона на інфармацыйных стэндах і сайтах дзяржаўных архіваў, а таксама сайтах галоўных упраўленняў юстыцыі аблвыканкамаў і інтэрнэт-партале «Архівы Беларусі» размешчана інфармацыя аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца архівамі.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26 красавіка 2010 г. № 200 «Аб адміністрацыйных працэдурах, якія ажыццяўляюцца дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі па заявах грамадзян» (далей – Указ) дзяржаўнымі архівамі ажыццяўлялася адміністрацыйная працэдура па выдачы архіўнай даведкі (архіўнай копіі, архіўнай выпіскі , інфармацыйнага ліста) па запытах сацыяльна-прававога характару.

За студзень – кастрычнік 2022 г. дзяржаўнымі архівамі разгледжана 3 896 заявы грамадзян на выдачу архіўнай даведкі (архіўнай копіі, архіўнай выпіскі, інфармацыйнага ліста) па запытах сацыяльна-прававога характару. 3 803 заявы паступілі ад грамадзян Рэспублікі Беларусь, 93 – ад замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія часова знаходзяцца, часова і пастаянна пражываюць у Рэспубліцы Беларусь.

На падставе Указа Дэпартаментам ажыццяўлялася адміністрацыйная працэдура па прастаўленні апастыля на дакументах, якія зыходзяць з дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь. Работнікамі Дэпартамента за названы перыяд часу было прастаўлена 106 апастыляў.

Скаргаў грамадзян на ажыццёўленыя Дэпартаментам і дзяржаўнымі архівамі адміністрацыйныя працэдуры ў Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і галоўныя ўпраўленні юстыцыі аблвыканкамаў не паступала. Выпадкаў неправамернай адмовы ў прыняцці заяў аб ажыццяўленні адміністрацыйных працэдур, у тым ліку ў сувязі з часовай адсутнасцю работніка, не зафіксавана.

Усе адміністрацыйныя працэдуры ажыццяўляліся дзяржаўнымі архівамі ва ўстаноўленыя тэрміны.

У абмеркаванні гэтага пытання прыняла ўдзел начальнік галоўнага ўпраўлення абавязковай юрыдычнай экспертызы нарматыўных прававых актаў Якімовіч В.У.

У рамках разгляду другога пытання калегіяй была прааналізавана работа па выкананні рэспубліканскімі архіўнымі ўстановамі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 11 сакавіка 2004 г. нумар 1 «Аб мерах па ўмацаванню грамадскай бяспекі і дысцыпліны» (далей – Дырэктыва нумар 1). Адзначана, што Дырэктыва №1 з’яўляецца адным з асноўных элементаў эфектыўнага функцыянавання архіваў. Аналіз вынікаў працы паказвае на сістэмнасць, комплекснасць падыходаў у рашэнні пастаўленых задач.

Па трэцім пытанні калегіяй абазначана важная роля лабараторый у сістэме дзяржаўных архіўных устаноў. Пастаўленыя задачы па забеспячэнні захаванасці дакументаў Нацыянальнага архіўнага фонду Рэспублікі Беларусь, паступальна вырашаюцца, функцыі, якія выконваюцца, развіваюцца. Падкрэслена спецыфіка дзейнасці кожнай установы, іх уклад ва ўмацаванне работы па забеспячэнні захаванасці. Калегія адзначае, што дзяржаўныя планавыя заданні на работы выконваюцца галіновымі лабараторыямі своечасова і якасна. Штогадовы ўклад гэтых устаноў у агульны працэс па захаванні архіўнай дакументальнай спадчыны складае: у агульным аб’ёме рэстаўрацыі і вокладкі – 36 працэнтаў (пры гэтым толькі Цэнтральная лабараторыя рэстаўруе самыя складаныя разбураныя дакументы); у агульным аб’ёме выкананых работ па стварэнні лічбавых копій – 46 працэнтаў.

Магчымасць выканання істотных аб’ёмаў дасягаецца за кошт раздзялення працы і аптымізацыі працэсу з пункту гледжання навуковай арганізацыі працы. На базе абедзвюх лабараторый ажыццяўляецца практычнае навучанне спецыялістаў дзяржаўных архіваў Рэспублікі Беларусь.

Былі абмеркаваны праблемныя пытанні ў дзейнасці гэтых устаноў (кадравыя, па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы і інш.), вынесена адпаведнае рашэнне.