Да 120-годдзя актрысы Таццяны Бандарчык (1902-1974)

Таццяна Андрэеўна Бандарчык нарадзілася 12 лістапада 1902 г. у мястэчку Дукора (сёння аграгарадок ў Пухавіцкім раёне Мінскай вобласці). Вучылася ў жаночай настаўніцкай семінарыі (Барысаў) і на настаўніцкіх курсах (Бабруйск). Скончыла Беларускую драматычную студыю ў Маскве (1926).

Пачынала творчую дзейнасць на аматарскай сцэне. У 1920 г. была ўдзельніцай Дукорскага драматычнага гуртка, падчас вучобы ў Бабруйску арганізавала драматычны гурток “Крыніца” (паставіла і выканала галоўную ролю ў спектаклі “Паўлінка” Я. Купалы).

Працавала ў БДТ-1 (пазней тэатр імя Я. Купалы), Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа, Тэатры драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, Бабруйскім вандроўным тэатры беларускай драмы.

З 1935 г. Т. Бандарчык вяла архіў Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа. Здолела захаваць яго ў гады Вялікай Айчыннай вайны, калі знаходзілася з тэатрам у эвакуацыі і ездзіла з франтавой брыгадай выступаць на 1-ы Беларускі фронт.

Вядомыя ролі: Ганка (“Ганка” У. Галубка), Гелена (“Сон у летнюю ноч” У. Шэкспіра), Карыфейка хору (“Вакханкі” Еўрыпіда), Паланея (“Прымакі” Я. Купалы), бабка Наста (“Вайна вайне” Я. Коласа), Аўдоцця Захараўна (“Пяюць жаваранкі” К. Крапівы), Ганна Чыхнюк (“Выбачайце, калі ласка!” А. Макаёнка), Забунова (“Мяшчане” М. Горкага), Вайніцкая (“Дзядзя Ваня” А. Чэхава) і інш.

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Т. Бандарчык, які налічвае каля 150 спраў. Гэта тэксты роляў, фатаграфіі ў ролях, успаміны, дзённікавыя запісы, перапіска, дакументы да біяграфіі, калекцыя фатаграфій і інш.

 

1. Т. Бандарчык. 1940-я гг. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 1. Адз. зах. 40. Л. 2.
2. Т. Бандарчык сярод студэнтаў Беларускай драматычнай студыі ў Маскве. 13 чэрвеня 1925 г. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 1. Адз. зах. 41. Л. 3.
3. Т. Бандарчык у ролі Чорнай Лілеі (“Апраметная” В. Шашалевіча ў Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа). 1926 г. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 2. Адз. зах. 7. Л. 9.
4. Т. Бандарчык у ролі Жабрачкі (“Крамлёўскія куранты” М. Пагодзіна ў Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа). 1940 г. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 2. Адз. зах. 10. Л. 4.
5. Блакнот з вершамі і песнямі, якія выконваліся на канцэртах у шпіталях падчас вайны. Аўтограф Т. Бандарчык. 1941-1942 гг. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 2. Адз. зах. 5. Лл. 3адв-4.
6. Дзённікавыя запісы Т. Бандарчык. 1944 г. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 2. Адз. зах. 18. Л. 1.
7. Сцэна са спектакля “Прымакі” Я. Купалы Беларускага дзяржаўнага тэатра імя Я. Коласа з удзелам П. Малчанава (у ролі Максіма) і Т. Бандарчык (у ролі Паланеі). 1940-я гг. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 1. Адз. зах. 32. Л. 3.
8. Тэкст ролі Вайніцкай з п’есы А. Чэхава “Дзядзя Ваня” ў Бабруйскім вандроўным тэатры беларускай драмы. Машынапіс з паметамі Т. Бандарчык. 1959 г. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 2. Адз. зах. 3. Л. 3.
Т. Бандарчык у ролі Вайніцкай (“Дзядзя Ваня” А. Чэхава ў Беларускім дзяржаўным драматычным тэатры імя Я. Коласа. 1940-я гг. БДАМЛМ. Ф. 23. Воп. 1. Адз. зах. 1. Л. 3.