15 верасня 2022 г. дырэктар установы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» Сушчэвіч А.М., прыняў удзел у якасці эксперта ў працы дыялогавай пляцоўкі «Захаванне гістарычнай памяці – аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва»
15 верасня 2022 г. дырэктар установы «Дзяржаўны архіў Гомельскай вобласці» Сушчэвіч А.М., прыняў удзел у якасці эксперта ў працы дыялогавай пляцоўкі «Захаванне гістарычнай памяці – аснова грамадзянска-патрыятычнага выхавання насельніцтва», якая праходзіла на базе ўстановы адукацыі «Гомельскі дзяржаўны абласны ліцэй».
Усяго каля 500 чалавек сабраліся ў сценах абласнога ліцэя, каб абмеркаваць найважнейшыя для ўсіх пытанні захавання гістарычнай спадчыны і гістарычнай памяці, патрыятычнага выхавання моладзі.
У сваім выступленні дырэктар архіва адзначыў, што дакументы, якія захоўваюцца ў архівах, – гэта вялізны духоўны пласт, які адыгрывае найважнейшую ролю ў фарміраванні светапогляду і нацыянальнага гонару не толькі маладога пакалення, але і ўсяго народа. Архіўныя матэрыялы дапамагаюць асэнсаваць канкрэтныя падзеі, факты, выклікаюць цікавасць да самастойнай даследчай дзейнасці.
Акрамя таго, Андрэй Мікалаевіч у сваёй прамове акцэнтаваў увагу прысутных на тым, што беларускі народ па праве адчувае гонар за гістарычнае мінулае сваёй краіны. Гераічнасць і мужнасць нашых продкаў, праяўленыя ў гады Вялікай Айчыннай вайны, сталі адным з найважнейшых фактараў перамогі.
У завяршэнні свайго выступлення Сушчэвіч А.М. заклікаў удзельнікаў дыялогавай пляцоўкі праяўляць патрыятызм і актыўную грамадзянскую пазіцыю на карысць нашай Рэспублікі Беларусь. Каб кожны грамадзянін нашай краіны разумеў, што ёсць Радзіма, якую трэба любіць, берагчы і бараніць.