У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшоў Адзіны дзень адчыненых дзвярэй

12 верасня 2022 г. у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва прайшоў Адзіны дзень адчыненых дзвярэй. Наведвальнікаў пазнаёмілі з гісторыяй і дзейнасцю архіва-музея, зместам і складам фондаў, асаблівасцямі захавання дакументаў і працай чытальнай залы. Для ўсіх жадаюцых былі праведзены аглядныя экскурсіі па архіву-музею і па працуючых выставах архіўных дакументаў.

У гэты дзень у Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва завіталі калегі з Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, студэнты 1 курса гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, вучні 9 класаў ДУА “Гімназія № 18 г. Мінска” і ДУА “Сярэдняя школа № 8 г. Жодзіна” (па папярэдняй заяўцы адміністрацыі школы), а таксама арганізаваная група грамадзян г. Мінска.

Самым нечаканым для архіва-музея быў прыход экскурсанта Жыравай Веры Канстанцінаўны, якая даведаўшыся пра Адзіны дзень адчыненых дзвярэй у Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва, завітала не толькі ўбачыць дакументы і паслухаць экскурсію, а з галоўнай мэтай – перадаць звесткі пра месца захоўвання невядомай нам часткі асабістага архіва беларускага пісьменніка Эдуарда Валасевіча (1918-1997).

Усяго архіў-музей у Адзіны дзень адчыненых дзвярэй наведалі звыш пяцідзесяці чалавек.