5 жніўня ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) адбылося памятнае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, архівіста, кандыдата гістарычных навук Віталя Уладзіміравіча Скалабана

5 жніўня ў Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь (НАРБ) адбылося памятнае мерапрыемства, прысвечанае 75-годдзю беларускага гісторыка, літаратуразнаўца, архівіста, кандыдата гістарычных навук Віталя Уладзіміравіча Скалабана (5 жніўня 1947 г. — 20 жніўня 2011 г.).

З 1972 г. ён працаваў рэдактарам, з 1992 па 1995 гг.— загадчыкам рэдакцыі гісторыі Беларусі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». У 1987 г. абараніў кандыдацкую дысертацыю на тэму «Беларускі нацыянальны камісарыят. Студзень 1918 г. — сакавік 1919 г.». З 1995 г. — намеснік дырэктара, з 1997 г. — саветнік, вядучы навуковы супрацоўнік БелНДІДАС, з 2000 г. — намеснік дырэктара Нацыянальнага навукова-асветнага цэнтра імя Ф. Скарыны, з 2002 г. — вядучы навуковы супрацоўнік, з 2004 г. — загадчык аддзела публікацый НАРБ. З 1995 г. чытаў курсы «Архівазнаўства» і «Краязнаўства» ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры, з 2003 г. — курс «Гістарычная бібліяграфія» на гістарычным факультэце БДУ.

Даследаваў гісторыю беларускага нацыянальнага руху, культуру Беларусі ХІХ — пачатку ХХ ст., пытанні архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі.

У рамках мерапрыемства ўспамінамі пра Віталя Уладзіміравіча падзяліліся: намеснік дырэктара архіва А.У.Кушнова, дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Г.В.Запартыка, намеснік дырэктара Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі І.І.Каўганава; супрацоўнікі НАРБ: В.Дз.Селяменеў, С.В.Кулінок, І.У.Дарагуш, М.Я.Тумаш; сябры і калегі: В.Д.Міцкевіч, С.Я.Новікаў, Т.І.Рошчына, Л.І.Рублеўская, М.Ф.Шумейка. У мерапрыемстве прыняў удзел сын Віталя Уладзіміравіча — Павел Вітальевіч Скалабан.

У рамках мерапрыемства загадчык аддзела публікацый С.В.Кулінок анансаваў правядзенне Скалабанаўскіх чытанняў.
Напярэдадні, 4 жніўня, супрацоўнікі архіва А.У.Кушнова, І.Р.Гусак, Н.Я.Калеснік і М.Я.Тумаш наведалі Паўночныя могілкі, дзе ўсклалі кветкі да магілы выдатнага навукоўца.