У рамках акцыі «Архівы- школе» адбылася сустрэча супрацоўнікаў установы «Занальны дзяржаўны архіў у г. Рэчыцы» з навучэнцамі ДУА «Рэчыцкая раённая гімназія»

2 жніўня рэспубліканская акцыя «Архівы – школе» прайшла ў ДУА «Рэчыцкая раённая гімназія».

У рамках Года гістарычнай памяці вядучы археограф Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Рэчыцы Сяргей Жарнасенка правёў для выхаванцаў летніх аздараўленчых лагераў «Арляня» і «Эрудыт» урок па тэме «Рэчыца слаўная, горад каханы». Дзеці даведаліся пра вялікае мінулае і сучаснасць роднага горада. У прыватнасці, аб узнікненні герба Рэчыцы, які вядзе сваю гісторыю з часоў Вялікага княства Літоўскага; аб дарэвалюцыйным развіцці горада; аб акупацыі і вызваленні Рэчыцы падчас Вялікай Айчыннай вайны; аб адкрыцці ў Рэчыцкім раёне першага ў Беларусі радовішча нафты і рэспубліканскім фестывалі-кірмашы “Дажынкі”, які праходзіў у Рэчыцы ў 2007 годзе.

Далей падчас віктарыны «Што мы ведаем пра Рэчыцу?» школьнікі адказвалі на пытанні аб гісторыі горада над Дняпром Сяргей Аляксандравіч таксама назваў ім найбольш вядомых ураджэнцаў і жыхароў Рэчыцы, якія сваёй дзейнасцю ўнеслі важкі ўклад у яго гісторыю і культуру (адвакат Уладзімір Спасовіч, гісторык Мітрафан Доўнар-Запольскі, пісьменнік Анатоль Караленка, мастакі Аляксандр і Яраслаў Ісачовы і інш.).