У гэтым годзе споўнілася 70 гадоў з дня ўводу ў эксплуатацыю Лідскага малочна-кансервавага завода, цяпер гэта адкрытае акцыянернае таварыства «Лідскі малочна-кансервавы камбінат».

Загадам галоўнага ўпраўлення малочна-кансервавай прамысловасці Міністэрства мясной і малочнай прамысловасці (Мінмясамалпрама) СССР ад 16.02.1950 № 27 дырэктарам Лідскага малочна-кансервавага завода, які будуецца, прызначаны Юфа Якаў Ізраілевіч.

У адпаведнасці з загадамі намесніка Міністра мясной і малочнай прамысловасці СССР:

– ад 28.11.1949 № 2129 – зацверджаны праектны будынак малочна-кансервавага завода ў г. Лідзе па праекту Лепельскага завода сухога малака, вытворчай магутнасцю 800 тон сухога малака ў год;

– ад 08.04.1950 № 131 – зацверджаны тэхнічны пашпарт і генеральны каштарыс завода;

– ад 11.10.1950 № 17/15 – Лідскаму малочна-кансерваваму заводу прысвоены нумар 49. Гэты нумар абавязкова ўказваўся на кансервавых банках з прадукцыяй, на скрынях з прадукцыяй.

Сыравіннай зонай Лідскага малочнакансервавага завода былі Лідскі і Воранаўскі раёны.

На працягу 1950 года выкананы падрыхтоўчыя работы, пабудаваны часовыя збудаванні, пад’язныя шляхі, праведзена электраэнергія, часовы вадаправод, нарыхтаваны будаўнічыя матэрыялы. У чэрвені-ліпені разгорнуты працы па будаўніцтве галоўнага вытворчага корпуса і інш. аб’ектаў. Аднак будаўніцтва не было забяспечана неабходнымі механізмамі і транспартам, металам, інструментам, адсутнічалі вопытныя будаўнічыя кадры.

Згодна з гадавой справаздачай за 1953 год паступіла малако ад саўгасаў-148,6 тон, ад калгасаў – 511,1 тон, індывідуальных здатчыкаў – 907,4 тоны, спажыўкааперацыі – 70,1 тоны.

У 1953 годзе заводам выпускалася прадукцыя: сухое малако, малако цэльнае, масла сметанковае, масла топленае, тварог, сыркі тварожныя, сыр абястлушчаны, казеін, марожанае, тлушч барановы топлены, тлушч свіны топлены, сала, вяршкі, смятана.

Колькасць работнікаў у 1953 годзе складала 232 чал, у т.л. 116 працоўных. За 1953 год прынята 56, звольнена 30 чал. На 1 студзеня 1954 г. на заводзе лічылася 16 аўтамашын.

Ф. 5. Оп.1. Д.1. Лл.1-8. Д.70. Лл.41,42,54,55,72-77.