Аб выхадзе пятай кнігі з серыі «Без тэрміну даўнасці»

Убачыла свет пятая кніга шматтомнага выдання з серыі «Без тэрміну даўнасці» аб злачынствах нацыстаў і іх памагатых супраць мірнага насельніцтва на тэрыторыі Брэсцкай вобласці. У яго падрыхтоўцы прынялі ўдзел супрацоўнікі Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь (НАРБ), Беларускага дзяржаўнага архіва кінафотафонадакументаў, Дзяржаўнага архіва Брэсцскай вобласці, Занальнага дзяржаўнага архіва ў г. Баранавічы.

У выданні апублікавана 212 дакументаў, многія з якіх упершыню ўведзены ў навуковы зварот. Прадстаўленыя матэрыялы пераканаўча сведчаць аб мэтанакіраванай і спланаванай палітыцы знішчэння мірнага насельніцтва.

Дакументальная частка зборніка складаецца з дзвюх раздзелаў: «Нацыстская палітыка генацыду і выпаленай зямлі» і «Расследаванне злачынстваў нямецкіх акупантаў». Выданне дапаўняюць чатыры дадаткі: «Спіс месцаў прымусовага ўтрымання грамадзянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі Брэсцкай вобласці», «Спіс месцаў масавага знішчэння і дэпартацыі яўрэяў на акупаванай тэрыторыі Брэсцкай вобласці», «Спіс найбольш буйных нямецкіх і вянгерскіх карных аперацый, праведзеных у Брэсцкай вобласці ў 1941—1944 гг.» і «Спіс сельскіх населеных пунктаў Брэсцкай вобласці, знішчаных акупантамі поўнасцю або часткова».

З прывітальнымі словамі да чытачоў звярнуліся: дырэктар Дэпартамента па архівах і справаводству Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь В.І. Кураш; кіраўнік Федэральнага архіўнага агенства (Расійская Федэрацыя) А.М. Арцізоў; акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, акадэмік А.А. Каваленя і дырэктар НАРБ А.К. Дземянюк. У прыватнасці, В.І. Кураш адзначыў: «Народ Беларусі свята шануе памяць аб ахвярах Вялікай Айчыннай вайны і прыкладае ўсе намаганні для таго, каб не дапусціць паўтору трагічных падзей у будучым».

У самы бліжэйшы час убачыць свет апошняя кніга шасцітомнага выдання «Без тэрміну даўнасці» па Мінскай вобласці, якая завершыць двухгадовую працу беларускіх архівістаў над гэтым фундаментальным праектам.