26 мая 2022 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусі (НАРБ) адбылася I Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Архіўны дыялог. Спадчына партыйных архіваў (да 95-годдзя НАРБ)»

26 мая 2022 г. у Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусі (НАРБ) адбылася I Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Архіўны дыялог. Спадчына партыйных архіваў (да 95-годдзя НАРБ)». На канферэнцыю, якая прайшла ў змешаным афлайн/анлайн фармаце, заявілася больш за 50 дакладчыкаў з Беларусі, Расіі, Казахстана, Кіргізіі.

Ва ўступным слове дырэктар НАРБ А.К. Дземянюк падкрэсліў значнасць корпуса партыйных дакументаў для вывучэння навейшай гісторыі Беларусі, а таксама іх высокі навуковы і інфарматыўны патэнцыял.

З прывітальнымі словамі да ўдзельнікаў навуковага форума звярнуліся: дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, к.г.н. дацэнт В.Л. Лакіза; намеснік дэкана гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага універсітэта, к.г.н. дацэнт А.В. Бурачонак; намеснік загадчыка аддзела арганізацыйнай працы, інфармацыі і выкарыстання дакументаў Дэпартамента па архівах і справаводстве Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь і старшыня ГА «Беларускае таварыства архівістаў» М.М. Скамарошчанка.

У рамках канферэнцыі адбылося падпісанне дагавору аб супроцоўніцтве НАРБ з Полацкім дзяржаўным універсітэтам. З вучонымі і гісторыкамі з Полацка ўжо рэалізаваны шэраг выставачных праектаў, якія тычацца захавання гістарычнай Памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны.

На пленарным пасяджэнні выступілі: загадчык кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ, д.г.н. прафесар С.М. Ходзін; прафесар той жа кафедры, к.г.н. дацэнт М.Ф. Шумейка; загадчык аддзела інфармацыйна-пошукавых сістэм Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь А.А. Макаранка і прафесар кафедры грамадскіх навук Санкт-Пецярбургскага політэхнічнага універсітэта Пятра Вялікага, д.г.н. А.Я. Краснажонава.

Праца канферэнцыі працягнулася ў дзвюх секцыях: «Пытанні захавання, уліку і выкарыстання партыйных дакументаў і архіўная справа ў Рэспубліцы Беларусь» і «Дакументы партыйных архіваў па гісторыі акупацыі і партызанскага руху на тэрыторыі Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны (да 80-годдзя стварэння Цэнтральнага і Беларускага штабоў партызанскага руху)».

Міжнародны складальнік дакладчыкаў прадстаўлялі калегі-архівісты з Архіва Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан, Цэнтральнага дзяржаўнага архіва гісторыка-палітычных дакументаў Санкт-Пецярбурга, Пермскага дзяржаўнага архіва сацыяльна-палітычнай гісторыі. У канферэнцыі таксама прынялі ўдзел работнікі дзяржаўных архіваў Брэсцкай, Віцебскай і Гомельскай абласцей, Дзяржаўнага архіва грамадскіх аб’яднанняў Гомельскай вобласці.

Актыўны ўдзел у працы канферэнцыі прынялі работнікі НАРБ. На першай секцыі былі прадстаўлены даклады Т.М. Агеенка, В.М. Бароўскай, І.А. Вішнеўскага, В.Г. Мазца, У.Ю. Монзуля, Ю.М. Петуха, В.Дз. Селяменева, В.В. Скамарошчанка, М.В. Тозіка. На другой секцыі выступілі: У.К. Вазнясенскі, С.В. Кулінок і Н.А. Шыманская.

Усе даклады выклікалі жывы водгук і канструктыўныя дыскусіі. Па выніках канферэнцыі запланавана выданне зборніка матэрыялаў.