Круглы стол «Адысея Язэпа Пушчы»

Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва – адзін з удзельнікаў маштабнага сумеснага праекта «На хвалі часу, у плыні жыцця», які Нацыянальная бібліятэка Беларусі ладзіць таксама з Дзяржаўным музеем гісторыі беларускай літаратуры і Выдавецкім домам «Звязда» (газета «Літаратура і мастацтва»). Праект прысвечаны 100-годдзю літаратурнага аб’яднання «Маладняк» (1923-1928) і ўжо багата прадстаўлены на сайце Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Пачынаючы з 2019 г., у межах праекта праходзілі круглыя сталы, выставы, літаратурныя конкурсы, адкрытыя лекцыі.

20 мая 2022 г. у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі адбылося пасяджэнне круглага стала «Адысея Язэпа Пушчы», прымеркаванага да 120-годдзя паэта, сябра літаб’яднання «Маладняк». Акрамя гаспадароў мерапрыемства, у семінары ўзялі ўдзел даследчыкі літаратуры, музеязнаўцы, культуролагі, супрацоўнікі бібліятэк краіны і прадстаўнікі сродкаў масавай інфармацыі. Вядучы навуковы супрацоўнік архіва-музея В. Жыбуль выступіў з дакладам «Дакументы Язэпа Пушчы ў фондах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва».

Падчас круглага стала адбылася прэзентацыя новай віртуальнай экспазіцыі на сайце Нацыянальнаай бібліятэкі Беларусі, прысвечанай юбілею Язэпа Пушчы (1902-1964). У раздзеле прадстаўлены копіі матэрыялаў з асабістага фонда паэта, які захоўваецца ў архіве-музеі: дакументы творчай і службовай дзенасці, дакументы да біяграфіі, перапіска, фатаграфіі.