16 красавіка 2022 года супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ўшанавалі памяць франтавікоў – былых работнікаў архіва

16 красавіка 2022 года супрацоўнікі Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі ўшанавалі памяць франтавікоў – былых работнікаў архіва – Пятра Міхайлавіча Судзілоўскага і Аляксандра Аляксандравіча Уласава, наведалі месцы іх пахаванняў на Усходніх могілках г. Мінска і ўсклалі да іх кветкі.

 

Судзілоўскі Пётр Міхайлавіч

 

Судзілоўскі Пётр Міхайлавіч (13.02.1928–14.02.2000), інжынер, арганізатар вытворчасці, адміністрацыйны работнік, архівіст. У час Другой сусветнай вайны добраахвотнікам пайшоў на фронт. У 1949-1954 гг. вучыўся на маркшэйдарскім факультэце Ленінградскага горнага інстытута, пасля чаго працаваў на камбінаце “Апатыт” (г. Кіраўск Мурманскай вобласці). З 1962 г. працаваў у Салігорску на вытворчым аб’яднанні «Беларуськалій», дзе прайшоў працоўны шлях ад горнага інжынера да генеральнага дырэктара аб’яднання. Пасля цяжкай хваробы выйшаў на пенсію. З лістапада 1982 г. па сакавік 1992 г. займаў пасаду дырэктара Цэнтральнага гістарычнага архіва БССР, унёс значны ўклад у развіццё ўстановы. Удастоены звання Героя Сацыялістычнай Працы, узнагароджаны ордэнамі і медалямі, а таксама Ганаровымі граматамі Вярхоўнай Рады СССР.

 

Уласаў Аляксандр Аляксандравіч

 

Уласаў Аляксандр Аляксандравіч (04.12.1916–26.09.2013), ваенны, адміністрацыйны работнік. З верасня 1939 па снежань 1954 гг. служыў у Савецкай Арміі, удзельнічаў у вайне з Японіяй 1945 г. У 1954–1962 гг. служыў у штабе Беларускай ваеннай акругі, а ў 1962–1969 гг. – у штабе савецкіх войскаў у Германіі. Са студзеня 1970 г. пенсіянер Міністэрства абароны СССР, падпалкоўнік. З 6 кастрычніка 1976 г. па 13 студзеня 1978 г. працаваў загадчыкам гаспадаркай Цэнтральнага дзяржаўнага гістарычнага архіва БССР. Узнагароджаны ордэнамі і медалямі СССР.