Установа “Дзяржаўны архіў Віцебскай вобласці” падрыхтавала гістарычны нарыс “Сяло на пяці вуліцах” (пра Лёзна ў XVIII ст.)

Дакументы па гісторыі нашай роднай мясцовасці раскіданы па розных архівасховішчах: цікавыя крыніцы ёсць не толькі ў Віцебску ды Мінску, але нават і ў Маскве. Напрыклад, у Расійскім Дзяржаўным архіве старажытных актаў захаваўся чарцёж сяла Ліозна 1783 г. У гэты час яно належала князю Ігнацію Іосіфавічу Агінскаму. Сяло было зусім не вялікім: у цэнтры знаходзілася базарная плошча з царквой, ад якой у розныя бакі разыходзілася пяць вуліц. Яшчэ адна царква стаяла на паўночным ускрайку сяла. У цэлым, уся тэрыторыя Ліозна была абмежавана рэчкай Машной (з захаду) і двума безыменнымі ручаямі (з поўначы і поўдня). Невялікая колькасць двароў стаяла і на іншым беразе Машны, а гэтыя часткі сяла звязвалі паміж сабой тры масты. Праз кожны з ручаёў таксама было ўзведзена па аднаму мастку. За тым ручаём, што працякаў на поўдні, знаходзіліся могілкі (дарэчы, існуюць яны і зараз).

Па ўсёй верагоднасці, вуліцы, якія абазначаны на чарцяжы – гэта правобразы сучасных вуліц Гагарына, Леніна і Камсамольскай, а вось з цэрквамі вызначыцца складаней. Першая думка, якая ўзнікае пра храм на базарнай плошчы, што гэта Узнесенская царква. Такое меркаванне можна было б лічыць праўдзівым пры ўмове, што яна ўзводзілася цягам некалькіх гадоў і была дабудавана ў 1786 г. (гэты год пазначаны ў розных дакументах як год будаўніцтва храма). Таксама можна меркаваць, што на тым месцы стаяў стары храм, які пачаў разбурацца, таму на яго месцы пазней і была пабудавана царква ў гонар Узнесення Гасподня.

У дакументах XVIII ст. ёсць згадкі яшчэ пра адну царкву – мабыць, менавіта пра тую, што мясцілася на поўначы сяла. Так, 1 красавіка 1720 г. магілёўскі епіскап Сільвестр Чацвярцінскі даслаў Пятру І ліст, у якім паведамляў, што ў перыяд 1715 – 1720 гг. з праваслаўя ва ўніяцтва былі гвалтоўна пераведзены цэрквы, у тым ліку і ў сяле Ліозне – уладанні Віцебскага кашталяна Агінскага. Праўда, у віцебскага ваяводы Казіміра Пацея была свая версія падзей. У сваім лісце нунцыю (прадстаўніку Папы Рымскага), датаваным 5 лютага 1725 г., ён сцвярджаў, што далучэнне да ўніі старадаўніх праваслаўных храмаў стала вынікам выключна намаганняў прапаведніцкай дзейнасці ўніяцкага арцыбіскупа Фларыяна Грабніцкага. Сярод гэтых цэркваў згадвалася і Лёзненская Свята-Георгіеўская.

Пра тое, што адбывалася ў Лёзне ў тыя далёкія часы, сведчаць і іншыя дакументы, у прыватнасці тыя, што ў канцы XIX – пачатку ХХ ст. былі апублікаваны ў зборніках “Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы”.

У пачатку XVIII ст. Лёзна знаходзілася па суседству з маёнткам Рудня, што належаў Багуславу Агінскаму. У гэтым маёнтку аканомам быў пан Жукоўскі, які не забываў і на ўласны дабрабыт. Так, у 1718 г. ён разам з панам Крукоўскім пакрадваў у гаспадара збожжа ды вазіў яго прадаваць у Лёзна. Праўда, у 1719 г. гэтае злачынства было раскрыта.

У 1740-я гг. Лёзна з’яўлялася цэнтрам аднаго з войтаўстваў маёнтка Мікуліна (войтаўствам у тыя часы называлі тэрыторыю з некалькіх вёсак, аб’яднаных адзіным цэнтрам), а яго ўладальнікам быў Марцыян Агінскі. У 1744 г. ён падзяліў свае ўладанні паміж нашчадкамі, і паводле завяшчання, Лёзненскае войтаўства дасталася яго сыну Ігнацыю Агінскаму.

Пра наяўнасць ў Лёзне праваслаўных і ўніятаў нам ужо вядома, а яшчэ тут жылі яўрэі (лічыцца, што ў мястэчку яны з’явіліся ў пачатку XVIII ст.). Цікава, што дазвол на заняцце пасады рабіна – кіраўніка абшчыны – даваў уладальнік мястэчка. У студзені 1757 г. Лёзненскім і Руднянскім рабінам стаў яўрэй Вульф Гіршавіч Іцкавіч, і гэтую пасаду ён меў права займаць 12 гадоў – адпаведнае пасведчанне ён атрымаў з рук лёзненскага старосты Восіпа Агінскага.

Такія вось кароткія згадкі пра ўладальнікаў сяла ды пра рэлігійныя справы, але яны даюць уяўленне пра Лёзна ў XVIII ст.

 

Канстанцін Карпекін, галоўны захавальнік фондаў Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці

 

Ілюстрацыя: Сяло Ліозна на чарцяжы 1783 г.