Да 105-годдзя скульптара, народнага мастака Беларусі, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Сяргея Іванавіча Селіханава (1917-1976)

Сяргей Селіханаў нарадзіўся 8 сакавіка (23 лютага) 1917 г. у Петраградзе. У 1921 г. сям’я пераехала ў г. Орша, дзе ў 1923-1933 гг. С.Селіханаў вучыўся ў сярэдняй школе і адначасова займаўся ў гуртку выяўленчага мастацтва. У 1937 г. скончыў Віцебскі мастацкі тэхнікум (вучыўся ў Ф.Фогта, Л.Лейтмана). У 1940 г. пераехаў у Мінск. У гады Вялікай Айчыннай вайны знаходзіўся ў радах Савецкай Арміі. Удзельнічаў у бітвах пад Масквой і Ржэвам, на Калінінскам і Варонежскім франтах, на Курскай дузе, фарсіраваў Днепр, ваяваў у Сілезіі і скончыў вайну ў Празе. Пасля дэмабілізацыі вярнуўся ў Мінск і займаўся выключна творчай дзейнасцю. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны 1-ай і 2-ой ступеняў, “Знакам Гонару”, медалём “За адвагу”.

У 1955 г. С.Селіханаву было прысвоена ганаровае званне “Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР”, у 1964 г. – “Народны мастак Беларусі”. У 1970 г. за скульптурную кампазіцыю мемарыяльнага комплексу “Хатынь” быў удастоены звання лаурэата Ленінскай прэміі.

Памёр 28 верасня 1976 г.

Творчую дзейнасць распачаў у 1937 г. як жывапісец і графік, з 1938 г. заняўся скульптурай. З 1940 г. становіцца пастаянным удзельнікам рэспубліканскіх і ўсесаюзных мастацкіх выставак. Тэма Вялікай Айчыннай вайны і барацьбы за мір на доўгія гады становіцца асноўнай у творчасці скульптара. Працаваў у галіне станковай і манументальнай скульптуры. Аўтар манументальных твораў: помнікаў А.Сталетаву (1951), К.Заслонаву (1955), Марату Казею (1958), братам-партызанам Цубам (1961), рэльефу “Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны” для помніка-абеліска на плошчы Перамогі ў Мінску (1954), скульптурнай фігуры “Непакораны чалавек” у мемарыльным комплексе “Хатынь” (1969) і інш. Стварыў станковыя творы “Вызваленне” (1948), партрэты М.Салтыкова-Шчадрына (1952), У.Леніна (1957), Я.Фабрыцыуса (1959), Я.Коласа (1960), шэраг партрэтыў перадавых шахцёраў, калгаснікаў, прадстаўнікоў інтэлігенцыі. Па выніках падарожжа ў Кітай стварыў жанравыя кампазіцыі, партрэты дзеячаў кітайскай культуры, працоўных і сялян (1956-1957).

У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Сяргея Іванавіча Селіханава (№ 173), які прадстаўлены фатаграфіямі яго твораў (скульптурных партрэтаў, жанравых кампазіцый і інш.), невялікай калекцыяй жывапісу (партрэты, партрэтныя замалёўкі, пейзажы і пейзажныя замалёўкі), матэрыяламі да біяграфіі і творчай дзейнасці, фатаграфіямі на розных мерапрыемствах і сустрэчах.