Вядомы на ўсю Віцебшчыну (архіўныя старонкі гісторыі саўгаса “Адаменкі”)
Едучы па шашы “Віцебск – Смаленск”, перад самым мястэчкам Лёзна можна заўважыць стракатую шыльду “Аграгарадок Адаменкі”. Мясцовым жыхарам вядома, што тут знаходзіцца славуты сваёй гароднінай цэнтр гаспадаркі. Але далёка не кожны ведае, што ён месціцца ў аграгарадку больш за 100 гадоў.
А пачалося ўсё 21 лістапада 1917 г., калі тамтэйшы памешчык Дзмітрый Хлюсцін перадаў свой маёнтак Адаменкі Лёзненскаму валасному зямельнаму камітэту. Сябры камітэта, не доўга думаючы, вырашылі стварыць тут саўгас. Для гэтага былі ўсе падставы, бо гаспадарка ў пана была багатая. Зямельныя ўладанні раскінуліся на 495 га. Безумоўна, іх асноўную частку (каля 240 га) складала ворыва, на 170-ці га раслі духмяныя лугавыя травы. Былі ў колішнім маёнтку яшчэ агарод і парк. Сяляне, якія працавалі ў саўгасе, не дазволілі прыйсці ў запусценне ніводнаму з панскіх будынкаў. А іх тут налічвалася даволі шмат: 50 каменных і драўляных збудаванняў. Салодкай узнагародай за нялёгкую сялянскую працу сябрам саўгаса стаў мёд з трох дзесяткаў былых памешчыцкіх вулляў.
Людзі працавалі настолькі шчыра і старанна, што ў 1921 г. пра іх напісалі ў Віцебскай губернскай газеце. Карэспандэнт, называючы гаспадарку “ўдарным прадпрыемствам, якім можна ганарыцца”, заўважыў, што “саўгас “Адаменкі” павінен лічыцца адным з узорных саўгасаў нашай губерні”. Справы сапраўды ішлі добра. У тым жа артыкуле адзначалася, што “пры саўгасе маецца школа І-й ступені. Маюцца сталярная, кавальская і адчыняецца шавецкая майстэрня. Майстэрні, акрамя працы па сваім саўгасе, аказваюць дапамогу і іншым навакольным саўгасам, выконваючы працу па магчымасці і для іх”.
Гаспадарка славілася сваім вялізным садам. Тут можна было заблукаць, нібы ў лесе: усяго налічвалася больш за 4 тысячы яблынь. Побач размяшчаўся пітомнік з 660-ці маладых дрэўцаў. Штогод сяляне збіралі ў садзе каля 240 тон духмяных яблыкаў. Іх накіроўвалі ва ўсе куткі Віцебшчыны. Так, у жніўні 1922 г. садавіну з Адаменак замовіла камандаванне 5-й дывізіі, якая кватаравалася на тэрыторыі Віцебскай губерні. Пра сад было вядома і ў губернскім цэнтры. Улетку 1922 г. саўгас абвясціў пра здачу сада ў арэнду. У выніку ў яго з’явіўся новы гаспадар – прадпрымальнік з Віцебска Мардух Левін.
Безумоўна, і мясцовыя жыхары не праміналі магчымасці пакаштаваць адаменскія яблыкі. Хітрыя местачкоўцы разабралі плот з боку Лёзна і паціху цягалі сабе ласунак. Справіцца з злодзеямі не маглі нават 8 вартаўнікоў, нанятых для аховы сада.
Калі “Адаменкі” лічыліся ўзорнымі для іншых саўгасаў Віцебшчыны, то, зразумела, яны былі самай моцнай гаспадаркай у раёне. Нездарма 26 кастрычніка 1924 г. тут, а не ў райцэнтры, прайшла Лёзненская раённая сельскагаспадарчая выстава. Час для яе правядзення быў абраны не выпадкова. Зусім нядаўна – 14 кастрычніка – традыцыйна прайшоў Дзень Ураджаю, да гэтага часу сяляне ўжо завяршылі асноўныя работы на сваіх палетках і цяпер маглі пахваліцца ўласнымі дасягненнямі.
З самага ранку ў саўгасе кіпела праца па падрыхтоўцы важнага мерапрыемства. Як адзначалася ў дакладзе лёзненскага раённага агранома, “месцам выставы быў саўгас “Адаменкі”, які прадставіў усё неабходнае для гэтай мэты. Было адведзена крытае памяшканне дастатковых памераў, неабходная колькасць рабочых, коней, будаўнічага матэрыялу. Наладжаны пляц, эстрада… Упрыгажэнне выставы было ажыццёўлена Лёзненскай сямігадовай беларускай школай. Навучэнцы пад кіраўніцтвам сваіх выкладчыкаў падрыхтавалі гірлянды, прыбралі ў памяшканнях, упрыгожылі іх…”
Да 10-ці гадзін у Адаменкі пачалі збірацца сяляне і саматужнікі з усіх куткоў раёна. Усяго прыйшло каля 1,5 тысячы чалавек. Урачыстае адкрыццё выставы пачалося а 11-й гадзіне пад гукі аркестра Лёзненскага ваенна-пажарнага таварыства. Затым пачаўся агляд экспанатаў. Як заўважыў усё той жа раённы аграном, “у выставе прынялі ўдзел 162 чалавекі з 299 экспанатамі, прычым 55% экспанатаў прыпадае на жывёлагадоўлю, 28% – на паляводства, агародніцтва, садаводства і пчалярства і 17% – саматужныя вырабы”. Прыемным момантам выставы стала ўзнагароджанне пераможцаў. 63 сялян атрымалі патрэбныя ў гаспадарцы рэчы: плугі, косы, лапаты, пілы, а яшчэ – соль, тканіну і насенне лубіну, канюшыны і пшаніцы. Думаецца, арганізатары сельскагаспадарчай выставы нездарма зрабілі такія падарункі. Гэтым яны, як быццам, хацелі сказаць: “Сяляне, займайцеся сваёй справай і надалей! Старайцеся, шаноўныя, бо вынік вашай працы вельмі патрэбны ўсім нам! Калі б не вы, то нам не было чаго есці і што апрануць!”
Ужо пад вечар, пасля падвядзення вынікаў, пераможцы выставы сфатаграфаваліся на памяць. Вось перад намі людзі з задуменнымі тварамі, якія прывялі паказаць сваіх гадаванцаў. Чацвера сялян падышлі да самага аб’ектыву. Маўляў, паглядзіце, якія ў нас прыгожыя, дагледжаныя конікі. Яшчэ на фотаздымку бачны дзве будыніны. Каменная – тая, што месціцца злева – па ўсёй верагоднасці, калісьці была лядоўняй. Яна згадваецца ў інвентарным вопісе маёнтка Адаменкі за 1918 г. Вядома ж, у тыя часы халадзільнікаў яшчэ не было, таму гародніну, мяса, напоі захоўвалі ў спецыяльна прыстасаваных для гэтага лядоўнях.
Саўгас “Адаменкі” не здаваў сваіх пазіцый і пасля выставы – заставаўся ўзорным для іншых гаспадарак Віцебшчыны на працягу ўсіх 1920-х гг. У гэты час тут вырошчвалі сартавы ячмень, авёс, жыта. Спецыялізаваўся саўгас на жывёлагадоўлі. Як запісаў у акце правяраючы, які наведаў Адаменкі 30 красавіка 1927 г., “у гаспадарцы ўтрымліваецца разам з маладняком 145 галоў буйной рагатай жывёлы… Маладняк вырошчваецца для распаўсюджвання не толькі ў раёне, але і ў іншых акругах як племянны матэрыял”. Таксама сябры саўгаса клапаціліся пра тое, каб беларускія сяляне маглі набыць сабе жарабца-арлоўца ці ёркшырскага парсючка. Не дзіўна, што саўгас “Адаменкі” быў залічаны ў “першую катэгорыю культурнасці”.
Прайшло ўжо ледзьве не стагоддзе, як мінулі падзеі выставы 1924 года…
Аграгарадок і сення з’яўляецца цэнтрам Аткрытага акцыянернага таварыстава “Адаменкі”, а адзін з былых панскіх будынкаў больш за 100 гадоў служыць людзям.
Канстанцін Карпекін,
галоўны захавальнік фондаў
Дзяржаўнага архіва Віцебскай вобласці