Да 110-годдзя празаіка, крытыка, удзельніка Вялікай Айчыннай вайны Уладзіміра Барысавіча Карпава (1912-1977)
Уладзімір Барысавіч Карпаў нарадзіўся 13 (26) лютага 1912 г. у г. Хвалынску Саратаўскай вобласці. У 1920 г. пераехаў у в. Ёлча Брагінскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля заканчэння ў 1929 г. сярэдняй школы працаваў рабочым на лесапільным заводзе ў г. Рэчыца. У 1930-1937 гг. настаўнічаў у розных вёсках Брагінскага раёна. У 1937-1941 гг. працаваў загадчыкам навуковай часткі, затым дырэктарам Даўганіўскай сярэдняй школы Сіроцінскага раёна Віцебскай вобласці. У 1941 г. завочна закончыў Мінскі педагагічны інстытут імя М.Горкага.
У гады Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір Карпаў – падпольшчык, партызан, разведчык, намеснік камандзіра спецгрупы Мінскага абкама КП Беларусі. З разведкай Чырвонай Арміі ўвайшоў у Мінск у першы дзень яго вызвалення.
У 1944-1955 гг. – літработнік у рэдакцыі газеты “Советская Белоруссия”, у 1945-1947 гг. – адказны сакратар у газеце “Літаратура і мастацтва”, у 1947-1960 гг. – рэдактар, потым загадчык аддзела прозы і драматургіі ў часопісе “Полымя”. З 1960 г. займаўся літаратурнай дзейнасцю.
Памёр 6 жніўня 1977 г. Імем пісьменніка названа вуліца ў Мінску.
Аўтар твораў, прысвечаных барацьбе беларускіх партызан і падпольшчыкаў супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, жыццю рабочых і інтэлігенцыі Беларусі: раманы “За годам год” (1957), “Вясеннія ліўні” (1961), “Нямігі крывавыя берагі” (1962), “Сотая маладосць” (1971), аповесці “Абаронцы будучыні” (1948), “Без нейтральнай паласы” (1950) і інш. Аўтар кнігі ўспамінаў і апавяданняў “Прызнанне ў нянавісці і любві” (1976). Даследаваў творчасць К.Чорнага, М.Лынькова, К.Крапівы.
У Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва захоўваецца асабісты фонд Уладзіміра Барысавіча Карпава (№ 305), які прадстаўлены рукапісамі яго твораў (раманы, аповесці, апавяданні, нарысы, артыкулы, нататкі, рэцэнзіі і інш.), перапіскай, матэрыяламі да біяграфіі, службовай і літаратурнай дзейнасці, калекцыяй фатаграфій, матэрыяламі, сабранымі пісьменнікам для сваіх работ.
- У.Карпаў. 1972 г. Фота У.Крука. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 370. Л. 17.
- У.Карпаў. “Нямігі крывавыя берагі”. Раман. Кніга першая. Машынапіс з аўтарскай праўкай. 1948-1962 гг. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 2. Л. 4.
- Ф.М.Бараноўскі. Ілюстрацыі да рамана У.Карпава “Нямігі крывавыя берагі”. Папера, цынкаграфія, друкаваная копія. 1960 г. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 284. Лл. 1-4.
- У.Карпаў. “Без нейтральнай паласы”. Аповесць. Аўтограф. 1948-1949 гг. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 59. Л. 1.
- У.Карпаў. “Прызнанне ў нянавісці і любові”. Кніга апавяданняў і ўспамінаў. Машынапіс з аўтарскай праўкай. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 69. Л. 2.
- У.Карпаў (справа) з баявымі таварышамі. Копія. 1943-1944 гг. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 372. Л. 2.
- У.Карпаў на сустрэчы ўдзельнікаў партызанскага руху Лагойшчыны. 1963 г. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 374. Л. 3.
- У.Карпаў на сустрэчы з чытачамі ў Парку Чалюскінцаў. 1960-я гг. БДАМЛМ. Ф. 305. Воп. 1. Адз. зах. 375. Л. 4.