Да 100-годдзя з дня ўтварэння беларускай міліцыі ў Палацы Рэспублікі была адкрыта выстава дакументальных матэрыялаў Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь

4 сакавіка 2017 г. беларуская міліцыя святкавала 100-годдзе з дня ўтварэння. У сувязі з правядзеннем юбілейных урачыстасцяў у МУС Рэспублікі Беларусь запланаваны шматлікія мерапрыемствы, у тым ліку і адкрыццё выставы ў Палацы Рэспублікі, прысвечанай гэтай падзеі. На выставе былі прадстаўлены шматлікія дакументальныя матэрыялы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь.

Палац Рэспублікі расчыніў свае дзверы перад гасцямі і ўдзельнікамі ўрачыстага сходу і святочнага канцэрта, прысвечанага Дню міліцыі. Удзел ва ўрачыстым сходзе прыняў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка, члены урада, дэпутаты Палаты Прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, дыпламаты, акрэдытаваныя ў Беларусі і шматлікія госці.

Перад пачаткам урачыстага сходу госці і ўсе запрошаныя змаглі азнаёміцца з выставай, падрыхтаванай Нацыянальным архівам Рэспублікі Беларусь і музеем МУС Рэспублікі Беларусь, размешчанай у фае Палаца Рэспублікі.

Дакументы НАРБ, прадстаўленыя на выставе – гэта ўсяго толькі невялікі, але ўнікальны «зрэз» векавой гісторыі зараджэння, станаўлення і развіцця органаў унутраных спраў нашай краіны. 20-я – 30-я гады прадстаўлены арыгінальнымі дакументамі, якія паказваюць стварэнне арганізацыйных структур і розных аддзелаў і ўпраўленняў міліцыі, падрыхтоўку сваіх уласных кадраў, барацьбу супрацоўнікаў органаў міліцыі з бандытызмам і злачыннасцю, удзел у ліквідацыі дзіцячай бездагляднасці.

У гады Вялікай Айчыннай вайны супрацоўнікі органаў міліцыі, як і ўвесь беларускі народ, усталі на барацьбу з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Спецгрупы і аператыўна-чэкісцкія групы, партызанскія атрады, створаныя і узначаленыя супрацоўнікамі міліцыі, якія мужна і гераічна змагаліся на акупіраванай тэрыторыі Беларусі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Радзіма высока ацаніла мужнасць, адвагу і гераізм міліцыянераў, многія з якіх былі ўзнагароджаны высокімі ўрадавымі ўзнагародамі.

У пасляваенны перыяд беларуская міліцыя шмат зрабіла для забеспячэння мірнага жыцця нашага народа: ліквідавала розныя бандыцкія падпольныя групоўкі, удзельнічала ў размініраванні тэрыторыі Беларусі ад выбуховых рэчываў, пакінутых нямецкімі акупантамі на яе зямлі, стварала дзіцячыя дамы для дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без бацькоў, змагалася са злачыннасцю.

Асаблівая старонка ў гісторыі беларускай міліцыі – удзел у ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Афіцэрскі склад, шараговыя супрацоўнікі органаў унутраных спраў Беларусі з першых дзён аварыі апынуліся, як на вайне, на перадавой барацьбы з збунтаваным атамам. Праца ў Чарнобыльскай зоне, дапамога ў адсяленні жыхароў заражаных раёнаў, забеспячэнне аховы і парадку ў адселеных раёнах, недапушчэнне фактаў марадзёрства і рабаванняў – назаўжды ўвойдуць у гераічную гісторыю нашай міліцыі.

Дакументы Нацыянальнага архіва Рэспублікі Беларусь выклікалі непадробную цікавасць і ўвагу як супрацоўнікаў міліцыі, так і шматлікіх гасцей, якія ўдзельнічалі ва ўрачыстым святкаванні Дня міліцыі.