24 верасня 2026 г. адбылося сумеснае пасяджэнне Вучонага савета БелНДІДАС і філіяла кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ
Сумеснае пасяджэнне прайшло ў сценах гістарычнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Адкрыў пасяджэнне дэкан гістарычнага факультэта БДУ А.Г.Каханоўскі, які адзначыў даўнюю і плённую гісторыю супрацоўніцтва дзвюх навуковых структур.
Загадчык кафедры крыніцазнаўства БДУ С.М.Ходзін адзначыў, што супрацоўніцтва інстытута і гістарычнага факультэта БДУ садзейнічае падрыхтоўцы кваліфікаваных кадраў, пашырэнню доступу да дакументальнай спадчыны, распрацоўцы актуальных навуковых праблем у сферы архівазнаўства і дакументазнаўства. Ім таксама быў прадстаўлены план сумеснай работы БелНДІДАС і кафедры крыніцазнаўства на 2026/2027 навучальны год.
На пасяджэнні Вучонага савета БелНДІДАС былі разгледжаны справаздачы аб выкананні 11 планавых навукова-даследчых работ за III квартал 2026 г.: ад методыкі аналізу справаводных працэсаў, камплектавання і забеспячэння захаванасці архіўных дакументаў да прымянення штучнага інтэлекту ў справаводстве, прававога рэгулявання архіўнай справы, падрыхтоўкі праекта бібліяграфічнага паказальніка археаграфічных публікацый у Рэспубліцы Беларусь у 2007—2024 гг., методыкі работы з афіцыйнымі геральдычнымі сімваламі дзяржаўных органаў і іншых арганізацый. Асаблівая ўвага была ўдзелена падрыхтоўцы аналітычнага даведніка аб 30-гадовым супрацоўніцтве архіўных службаў Беларусі і Расіі. Са справаздачамі выступілі кіраўнікі і адказныя выканаўцы тэм: С.Я.Купрыянаў, І.А.Ганчарова, З.В.Антановіч, К.П.Дзярновіч, А.В.Шумская, У.Д.Русецкая, М.М.Ялінская, М.А.Касяк, В.М.Цынкевіч.
Дасягнутыя пры выкананні навуковых тэм вынікі атрымалі станоўчую ацэнку савета. Па выніках абмеркавання былі выпрацаваны рэкамендацыі па далейшай рабоце над тэмамі.
Вучоным саветам таксама быў рэкамендаваны да выдання чарговы 27-мы выпуск «Беларускага археаграфічнага штогодніка».
Удзельнікамі сумеснага пасяджэння было адзначана, што вынікі даследаванняў БелНДІДАС маюць значэнне не толькі для ўдасканалення тэорыі і практыкі архіўнай справы і справаводства, але і забяспечваюць цесную сувязь навуковых дасягненняў інстытута з адукацыйным працэсам БДУ.
![]() |
| 1. Агульная фатаграфія ўдзельнікаў сумеснага пасяджэння Вучонага савета БелНДІДАС і філіяла кафедры крыніцазнаўства гістарычнага факультэта БДУ |
![]() |
| 2. Прывітальнае слова дэкана гістарычнага факультэта БДУ А.Г.Каханоўскага |
![]() |
| 3. Са справаздачай выступае старшы навуковы супрацоўнік аддзела архівазнаўства З.В.Антановіч |
![]() |
| 4. Са справаздачай выступае старшы навуковы супрацоўнік аддзела археаграфіі М.М.Ялінская |
![]() |
| 5. Падчас працы Вучонага савета |





