Памер шрыфту: A A A A A
Колеры: A A A A
Выявы:
Архівы Беларусі
Інфармацыйны партал архіўнай галіны Рэспублікі Беларусь

Дыялог пакаленняў: «Мірнае неба над Беларуссю»

21 верасня 2026 года, у Міжнародны дзень міру, сцены Занальнага дзяржаўнага архіва ў г.Полацку сталі пляцоўкай для глыбокай і значнай размовы. Тут прайшла дыялогавая пляцоўка «Мірнае неба над Беларуссю», якая аб’яднала прадстаўнікоў старэйшага пакалення і моладзь.

Ганаровымі спікерамі мерапрыемства сталі старшыня Полацкай раённай рады Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў Галіна Пятроўна Муравей і палкоўнік у адстаўцы Аляксандр Васільевіч Лапцеў, ветэран Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

 

1. Галіна Пятроўна Муравей і Аляксандр Васільевіч Лапцеў.

Галіна Пятроўна расказала пра ветэранаў Полацкага раёна, іх жыццёвы шлях, ратныя і працоўныя заслугі, а таксама пра значны ўклад прадстаўнікоў старэйшага пакалення ў захаванне гістарычнай памяці, выхаванне моладзі і развіццё роднага краю. Асаблівую ўвагу яна ўдзяліла тым, хто і пасля завяршэння службы працягваў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, перадаваць свой вопыт падрастаючаму пакаленню і ўносіць уклад ва ўмацаванне міру, грамадзянскай еднасці і пераемнасці пакаленняў.

 

2. Аляксандр Васільевіч падчас дыялогу з навучэнцамі.

Аляксандр Васільевіч падзяліўся асабістымі ўспамінамі аб службе ва Узброеных Сілах, расказаў аб удзеле ў фарміраванні 276-га асобнага верталётнага палка ў Баравухе 1 і аб пройдзеным прафесійным шляху – ад сакратара камсамольскай арганізацыі эскадрыллі да начальніка палітычнага аддзела палка. У адстаўцы ён стаў арганізатарам і першым старшынём Полацкага раённага аддзялення грамадскага аб’яднання «Беларускі Саюз Афіцэраў».

Аляксандр Васільевіч узгадаў сваіх таварышаў па службе, іх адказнасць, мужнасць і адданасць справе, а таксама расказаў пра будні ваеннай службы, значэнне таварыства і ролю моладзі ў жыцці воінскага калектыву. Аповяд А.У.Лапцева дапамог навучэнцам лепш зразумець, якой працай ствараліся воінскія традыцыі і чаму мірнае неба з’яўляецца агульнай каштоўнасцю, якую неабходна берагчы.

Удзельнікамі дыялогу сталі навучэнцы Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Ф.Скарыны. Для юных гімназістаў сустрэча стала ўнікальнай магчымасцю дакрануцца да жывой гісторыі, пачуць праўду пра подзвіг продкаў і ўсвядоміць каштоўнасць мірнага жыцця, якую мы беражліва захоўваем сёння.

 

3. Вучні Полацкай дзяржаўнай гімназіі №1 імя Ф.Скарыны.
4. Удзельнікі дыялогавай пляцоўкі «Мірнае неба над Беларуссю».